Народная мудрасць гаворыць, што доранаму каню ў зубы не глядзяць, і калі табе што-небудзь даюць, то абавязкова трэба браць. Але ці заўсёды варта прытрымлівацца гэтага сцверджання? Людміла Аляксандраўна сутыкнулася з сітуацыяй, калі шмат гадоў таму

прынятая ў дар нерухомасць, якой яна нават не карысталася, абярнулася для яе злым жартам.
Зрэшты, пра ўсё па парадку.

У ліпені далёкага 1975 года Людміла Аляксандраўна была прынятая правадніком вагонаў на Брэсцкі вагонны ўчастак. У аддзяленні Беларускай чыгункі яна працавала да ліпеня 1994-га і была звольненая па скарачэнні колькасці працоўных. У жніўні 1987 года ёй, як той, хто мае патрэбу ў жыллі, быў выдзелены пакой у інтэрнаце, які знаходзіўся ў вёсцы Абяроўшчына Камянецкага раёна. Больш за 20 гадоў жанчына і жыла там разам з дачкой.

У верасні 2008-га ў інтэрнаце, які па-ранейшаму належаў чыгунцы і дзе выгоды былі прыкладна такія ж, як у песні Высоцкага — «система коридорная, на тридцать восемь комнаток всего одна уборная», пачаўся капітальны рамонт. Жыльцоў на час яго правядзення перасялілі ў будынак падменнага фонду ў г. Высокае. Пераехала туды і Людміла Аляксандраўна з дачкой. У канцы красавіка 2010-га рэканструкцыя інтэрната ў Абяроўшчыне была завершаная, пасля чаго ён набыў статус жылога дома.

Вось толькі Людміле Аляксандраўне, якая больш за дваццаць гадоў пражыла ў гэтым «інтэрнаце», даць кватэру і засяліць на пастаяннае жыхарства адмовілі наадрэз. Чаму?

У адказах дзяржаўнага аб’яднання «Беларуская чыгунка», атрыманых жанчынай на яе скаргі, сказана: жылыя памяшканні ў доме № 16 па вул. Сацыялістычнай у в. Абяроўшчына аддадзеныя грамадзянам, з якімі да рэканструкцыі будынка былі заключаныя дамовы найму і высяленне якіх немагчымае без прадстаўлення ім іншага жылля.

А ў Людмілы Аляксандраўны, выяўляецца, зарэгістраванае права ўласнасці на палову жылога дома, які складаецца з двух пакояў, пры ўсяленні ў якія яе сям’і жанчына не можа быць аднесеная да катэгорыі грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. Дом, атрыманы ёю па дамове дарэння, знаходзіцца на тэрыторыі таго ж Расненскага сельскага савета, што і інтэрнат у Абяроўшчыне. З улікам таго, што жанчына не знаходзіцца ў працоўных адносінах з арганізацыямі Беларускай чыгункі, даць ёй кватэру ў рэканструяваным інтэрнаце няма прававых падставаў. Маўляў, рэгіструйцеся ў доме, які належыць вам на праве ўласнасці, таму што кватэра вам у адрамантаваным інтэрнаце не свеціць.

Людміла Аляксандраўна расказала, што для вырашэння праблемы звярталася ў шэраг сталічных інстанцый, але яе лісты нязменна спускаліся для разгляду ў тую арганізацыю, на якую яна скардзіцца і ў якой, на думку жанчыны, зрабілі несправядліва, пазбавіўшы яе жылля.

— Дамова дарэння на звычайны сельскі дом у в. Чэпелі была аформленая маёй мамай пасля смерці нашага бацькі, яшчэ ў 1994 годзе, — тлумачыць Людміла Аляксандраўна. — Палова яго адышла брату, другая палова — мне. Але ў гэтым доме да гэтага часу жыве наша састарэлая мама. Калі б у мяне была магчымасць туды засяліцца, я, вядома, не стала б жыць у нядобраўпарадкаваным інтэрнаце. Разам з яшчэ адной жанчынай мы не адзін год дамагаліся, каб у нашым «інтэрнаце» нарэшце зрабілі рамонт. Дарэчы, даведку, што ў мяне зарэгістраванае права ўласнасці на палову бацькоўскага дома, у Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі я падала да пачатку рэканструкцыі інтэрната. Але тады я, як і іншыя жыхары, атрымала паведамленне: пасля заканчэння капрамонту мне будзе дадзенае жылое памяшканне плошчай, не меншай за тую, якую мы з дачкой займалі да рэканструкцыі. Няўжо, маючы працоўны стаж 37 гадоў, з якіх 19 адпрацавала на чыгунцы, я не зарабіла аднапакаёвую кватэру?! Некаторыя атрымалі ў гэтым доме жыллё, засяліліся ў інтэрнат за паўгода да пачатку капрамонту. Адна жанчына звольнілася з чыгункі больш за дзесяць гадоў таму паводле ўласнага жадання, пасля чаго з’ехала за мяжу і ў інтэрнаце не жыла. Але потым, прыбыўшы з-за мяжы, яна атрымала ў доме № 16 на вул. Сацыялістычнай двухпакаёвую кватэру і зноў пайшла па доўгі рубель. Дзіўную прыдзірлівасць кіраўніцтва чыгункі праявіла толькі да мяне, хоць да гэтага часу ў былым інтэрнаце засталіся пустыя кватэры. Мая дачка выйшла замуж, у яе мужа таксама няма кватэры. Так што мая доля ў трыццаць метраў у вясковым доме ніяк не робіць іх сям’ю забяспечанай жыллём. А на сваю зарплату санітаркі або пенсію, да якой рукой падаць, набыць яго я дакладна не змагу. Вёскі Абяроўшчына і Чэпелі — гэта зусім розныя населеныя пункты. У Чэпелі нават рэйсавыя аўтобусы не ходзяць, дабірацца на працу за сем кіламетраў пешшу або на ровары мне, жанчыне перадпенсійнага ўзросту, якая перанесла некалькі аперацый, здароўе не дазваляе. Але справа нават не ў гэтым… А ў тым, што права пражывання па месцы пастаяннай рэгістрацыі мяне і маю дачку пазбавілі незаконна.

Рашэнне — за судом

На пытанне пра тое, як вырашыць праблему, першым прыходзіць у галаву адказ: калі частка дома, прынятая ў дар, жанчыне не патрэбная і ў яе няма ні магчымасці, ні жадання карыстацца ёю, то ці не лепш ад яе адмовіцца наогул? Напрыклад, вярнуць усё на зыходную пазіцыю. Пражывае ў доме маці Людмілы Аляксандраўны, дык, можа, няхай яна і будзе яго ўласніцай? Але выявілася, што такі шлях у дадзенай сітуацыі цалкам непрымальны, бо ў гэтым выпадку Людмілу палічаць асобай, якая наўмысна пагоршыла свае жыллёвыя ўмовы шляхам адчужэння паловы дома.

У Палажэнні аб парадку ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, прадстаўлення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду (зацверджана ўказам прэзідэнта РБ № 565 ад 29 лістапада 2005) сказана, што тымі, хто мае патрэбу, з’яўляюцца грамадзяне, што «не маюць жылых памяшканняў ва ўласнасці і (або) у карыстанні ў населеным пункце па месцы прыняцця на ўлiк». Людміла Аляксандраўна для атрымання пакоя ў інтэрнаце, што знаходзіцца ў в. Абяроўшчына, стаяла на ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу, па месцы сваёй працы. Тым не менш адмаўляючы ёй у засяленні па месцы рэгістрацыі, прадпрыемства «Беларуская чыгунка» спасылаецца на тое, што вёскі Абяроўшчына і Чэпелі знаходзяцца на тэрыторыі аднаго і таго ж сельскага савета. Ці ёсць у гэтым рацыя? У Вялікім энцыклапедычным слоўніку панятак «населены пункт» вызначаны як «населенае месца, першасная адзінка рассялення людзей у межах аднаго забудаванага зямельнага ўчастка (горад, пасёлак гарадскога тыпу, сяло)». На ўліку ў Расненскім сельскім савеце як грамадзянка, што мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, Людміла Аляксандраўна не стаіць. Але калі ўжо на тое пайшло, то ў населеным пункце Расна жылога памяшкання ў яе няма ні ва ўласнасці, ні па дамове найму.

Стаміўшыся атрымліваць адпіскі, Людміла Аляксандраўна наважылася падаць позву ў суд, каб ён, узважыўшы ўсе выкладзеныя тут абставіны, пастанавіў, ці мае яна патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?