Увечары 3 лютага айчынная грамадзкасьць паглядзела першую частку тэлепраекту Юр’я Азаронка «Духоўная вайна». Фільм прынёс асабіста мне масу станоўчых эмоцыяў ды даў матэрыял для роздуму. Сюжэт фільму просты. У сьвеце здаўна ідзе барацьба сьвятла і цемры. Цемру прадстаўляюць таямнічыя «фарысэі», якія ўкрыжавалі Ісуса Хрыста і стагодзьдзямі змагаюцца зь сіламі дабрыні. У ХІХ ст. фарысэі зьвярнулі ўвагу на пабудаваную на пачатках «праваслаўя, самадзяржаўя і народнасьці» Расейскую Імпэрыю — сапраўдную райскую краіну, дзе мірна ўжываліся дзясяткі народнасьцяў. Фарысэі зьнішчылі Імпэрыю (галоўны — Троцкі), забілі «найдабрэйшага» цара Мікалая ІІ і яго дзетак і бязьлітасна выкарыстоўвалі Расею для ажыцьцяўленьня плянаў па сусьветнай рэвалюцыі. Ад разбуральнай дзейнасьці фарысэяў выратаваў краіну Ёсіф Сталін, «аб’яднаўшы народ і вярнуўшы краіне былую магутнасьць». Ад цытаваньня «Пратаколаў сіёнскіх мудрацоў» і «Тэстамэнту Сталіна» Азаронак адмовіўся, але фільм прасякнуты духам адыёзных твораў расейскіх чарнасоценцаў. Пасьля Сталіна таксама фарысэй Гарбачоў разваліў СССР. Мясцовыя беларускія фарысэі, на чале, вядома ж, зь Зянонам Пазьняком, хацелі разваліць Беларусь, аднак прыйшоў Ён і выратаваў краіну (Ён у кадры ў простай ільняной кашулі абдымае каласы пшаніцы). Асобны пункт — пастаянныя паралелі паміж ЗША і гітлераўскай Нямеччынай. Пры гэтым выходзіць так, што менавіта амэрыканцы і раскруцілі Гітлера і фінансавалі ўсю яго дзейнасьць. Напрыклад, нямецкія танкі ў 1941 г. запраўляліся бэнзінам фірмы «Стандард Ойл», фірма IBM выпускала апараты для падліку зьнішчаных у Асьвенціме габрэяў, а «Кока-Кола» забясьпечвала Вэрмахт напоем пад назвай «Фанта». У сваю чаргу дзядуля цяперашняга прэзыдэнта ЗША праз сваю банкаўскую сыстэму перапраўляў грошы для НСДАП. Не магу назваць сябе вялікім прыхільнікам мэтадаў распаўсюджаньня дэмакратыі амэрыканцамі, аднак нашто займацца непрыхаванай хлусьнёй? Ну хто ня ведае зараз, што нямецкія танкі, якія рванулі ў 1941-м да Масквы, былі запраўленыя не амэрыканскай, а бакінскай нафтай, якой Сталін амаль два гады забясьпечваў Гітлера і што Дж.Буш-старэйшы, зьбіты нямецкім зьнішчальнікам, некалькі дзён плаваў у Паўночным моры. Пра Курапаты і гаварыць ня хочацца. Дзесяць гадоў таму Ю.Азаронак пабудаваў фільм «Дети лжи» выключна на нэгатыве, не спрабуючы стварыць нейкай «нацыянальнай ідэалёгіі». У «Духоўнай вайне» ідэалягічны падтэкст адчуваецца вельмі моцна, Ю.Азаронак паспрабаваў зрабіць вельмі няўдзячную справу — уціснуць у сорак хвілінаў этэру «национальную идеологию белорусского государства» — і... скаціўся ў банальны папулізм. Нельга аб’яднаць сьвяткаваньне Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі з байкамі пра найдабрэйшага расейскага цара Мікалая ІІ, нельга аб’яднаць сьвяткаваньне дня Перамогі ў 1945-м з пэрманэнтнай хлусьнёй аб тым, якім коштам далася нам гэтая Перамога, нельга зноў і зноў падымаць на шчыт Сталіна, глумячыся над касьцямі тысячаў хрысьціянаў у Курапатах. Сыстэма кідае кожнаму па кавалачку ідэалёгіі, які каму больш спадабаецца. Старым — крышачку памяці пра савецкую мінуўшчыну, маладзейшым — адкрытую чарнасоценшчыну накшталт той, зь якою змагалася «Наша Ніва» сто гадоў таму, зусім маладым — вельмі проста: «Уступай у БРСМ, атрымаеш бясплатны праход на дыскатэку». Усё гэта ня склейваецца, патыхае містыкай і перанасычана сымбалямі, усім, што азначае пачатак крызісу любой папулісцкай сыстэмы. Сп.Азаронка зразумець можна, яму сьніцца Імпэрыя, а ва ўмовах маленькай Беларусі выходзяць у найлепшым выпадку нейкія «трагічна-сьмяшлівыя абразкі». Што такое ваша Імпэрыя, спадар Азаронак? Можа, гэта саслужыўцы таго няшчаснага салдата, якому адбілі ногі пад Новы 2006 год; можа, гэта супрацоўнікі таго згарэлага банку ва Ўладзівастоку, якія выскоквалі зь дзясятага паверху, калі іх начальства ратавалася па адзінай спэцыяльнай лесьвіцы, а можа, гэта Газманаў, які скача перад натоўпам моладзі зь песняй аб тым, што яго зрабілі ў СССР? Азірніцеся, спадар Азаронак, паглядзіце на нашу цяперашнюю пабрацімку-Расею. Агромністая, ад Смаленску да Сахаліна, пустэча, зь якой высмоктваюць апошнюю кроў пухліны шматмільённых касмапалітычнах мэгаполісаў, ды нафтавыя вышкі пасярод гэтай пустэчы, што забясьпечваюць усім неабходным Захад і завальваюць грашыма кучку ўладароў гэтай няшчаснай краіны. Мы ж, беларусы, замест таго, каб вырашаць свае праблемы, ізноў высоўваем бязглуздыя мэсіянскія ідэі аб тым, што Белая Русь аб’яднае Русь Вялікую і Русь Малую, і ў выніку рызыкуем застацца без уласнага дабрабыту, культуры і нават дзяржаўнасьці. Імпэрыі ня будзе, і гэта спадар Азаронак выдатна ведае, нашто ж тады гэта ўсё робіцца? Можа, каб змагацца зь беларускай нацыянальнай культурай і каштоўнасьцямі, бо выходзіць, што ўсё беларускае — ад сатаны, усё, што толькі і можа павярнуць наш народ да памяці, продкаў, Бога і маральных каштоўнасьцяў, аказваецца найбольш небясьпечным. А можа, тут старая як сьвет справа — грошы? У такім выпадку вы, спадар Азаронак, павінны разумець, якую адказнасьць бераце на сябе перад гісторыяй і беларускай нацыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?