Краіны Еўрасаюза, Канада і ЗША пастанавілі выдзеліць у бліжэйшыя гады на патрэбы беларускай апазіцыі і культуры 87 мільёнаў еўра (120 мільёнаў даляраў). Пра гэта на донарскай канфэрэнцыі ў Варшаве паведаміў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

«Спадзяюся, што беларускія ўлады прызнаюць і заўважаць, што Еўропа не застанецца бяздзейнай і што на дрэнныя паводзіны будзе дадзены адпаведны адказ», — заявіў Сікорскі.

Радаслаў Сікорскі выказаў салідарнасць Польшчы і ўсёй Еўропы з дэмакратычнымі сіламі Беларусі ды, звяртаючыся да кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, падкрэсліў: «Спадару прэзідэнт Лукашэнка, вы прайграяце. Нават у краінах, якія назвалі апошнія выбары ўнутранай справай Беларусі, ніхто не верыць у названы вынік — 80% (…) Вашы метады не знаходзяць месца ў сучаснай Еўропе. Раней ці пазней вы будзеце вымушаныя ўцякаць ад сваіх суграмадзянаў у краіны, дзе стандарты яшчэ ніжэйшыя, чым тыя, якія вы самі ўсталёўваеце ў сябе. У Мінску таксама трэ будзе трымаць самалёт, падрыхтаваны да імгненнага вылету».

На канферэнцыі прамаўляў таксама камісар Еўрасаюза ў пытаннях пашырэння Штэфан Фюле, які паведаміў, што дапамога Еўрапейскай камісіі беларускай грамадзянскай супольнасці, у тым ліку на незалежныя СМІ, павялічыцца ў чатыры разы — да 15,6 мільёнаў еўра з цяперашніх чатырох мільёнаў. Варта адзначыць, што цяпер Еўракамісія падтрымлівае толькі тэлеканал «Белсат» і «Еўрарадыё». Ніякай дапамогі СМІ ўнутры Беларусі не надаецца.

Нямеччына выдзеліць на дапамогу беларусам 6,6 мільёнаў еўра.

Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт заявіў, што на гэтыя мэты ягоная краіна прызначыць сёлета 7 мільёнаў еўра. Значную суму на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці выдаткуюць таксама Данія і Нідэрланды.

Мэтай міжнароднай канфэрэнцыі донараў «Салідарныя зь Беларусьсю» было стварыць адмысловы Фонд падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, донарамі якога былі б усе зацікаўленыя краіны, прычым не толькі Еўрасаюза. У канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі чатырох дзясяткаў краінаў.

У сваім выступе Аляксандр Мілінкевіч звярнуў увагу на тое, што дапамога павінна даходзіць да саміх беларусаў, а не асядаць за межамі.

Дагэтуль еўрапейская дапамога надавалася толькі інстытуцыям, што месцяцца ў самім ЕС. Таму найбольшымі аб’ектамі падтрымкі ЕС былі ЕГУ, «Белсат» і «Еўрарадыё».
У той жа час унутры Беларусі еўрапейцы падтрымлівалі пераважна праекты, якія рэалізоўваў урад.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?