Сёньня ў галерэі «Падземка» пройдзе прэзэнтацыя кнігі Альгерда Бахарэвіча «Ніякай літасьці Валянціне Г.»

Удзел у імпрэзе возьмуць вядомыя літаратары: Юрась Барысевіч, Віка Трэнас, Вольга Гапеева, Зьміцер Вішнёў, Андрэя Хадановіча і іншыя.

Пачатак а 18.30.

Адрас галерэі «Падземка» – пр. Скарыны (Незалежнасьці), 43

Вытрымкі з рэцэнзіі:

…«Валянціна Г.» – дама прыемная ва ўсіх адносінах, нават калі змыць зь яе ўсю касмэтыку «фірмовага» стылю Альгерда Бахарэвіча. Што да ўласна прозы, то тэксты ў кнізе прадстаўленыя вельмі розныя: ад нібы схаванага пад матавым шклом «Прыватнага пляжу на ўзьбярэжжы Леты» да спробы напісаць сваю альтэрнатыўную гісторыю Беларусі ў апавяданьні «Найноўшая гісторыю Палесься», ад знаёмага ўсім прыхільнікам творчасьці аўтара «Таленту заіканьня» да змрочнага «Пэйджара»… Напрыканцы кнігі зьмешчанае дасьціпнае ліставаньне Бахарэвіча зь Ю.Барысевічам, якое некаторыя крытыкі ўжо назвалі псэўдаінтэрвію, а іншыя – ідэальным тэкстам. Так што сказаць, што «Ніякай літасьці Валянціне Г.» – выданьне цэльнае, нельга.. Часам Бахарэвіч заглыбляецца ў нешта падобнае да сатыры, часам паўстае перад чытачом як тонкі лірык, часам жорстка лаецца, але, да ягонага гонару, ніводнага разу не апускаецца ў сваіх творах да журналізму, які, як прызнаецца аўтар, ён ненавідзіць зь дзяцінства. Відавочна, слова «раман» аўтар баіцца – бо інакш ён ня стаў бы называць усе творы кнігі апавяданьнямі (а іхны памер вагаецца ад 3 да 100 старонак). Затое да чытача Бахарэвіч бязьлітасны: тэксты ў кнізе разьмешчаныя ў такім парадку, каб кожны настроены на займальнае чытво загарнуў кнігу на першай жа старонцы. Некаторыя з твораў, што ўвайшлі ў кнігу, друкаваліся ў дзяржаўных, як, напрыклад, «Маладосьць», і антыдзяржаўных («Наша ніва») часопісах і газэтах. А цяпер пагаворым нарэшце пра беларускіх кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры, якія, уласна, і былі галоўнай тэмай дадзенага артыкулу.

Зьмітрок Аглаблёвы. «Неглыбоцкая праўда» // litara.net

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0