21-гадовы гродзенец Алесь Кіркевіч праз тыдзень пасля шлюбу апынуўся ў СІЗА КДБ.

Каханне Алеся і Надзеі - экстрэмальнае і зямное.

Каханне Алеся і Надзеі - экстрэмальнае і зямное.

Алесь і піша, і малюе.

Алесь і піша, і малюе.

28 студзеня чатыры супрацоўнікі спецслужбаў у Гродне ўварваліся ў кватэру намесніка старшыні Маладога Фронту Алеся Кіркевіча.

Мама хлопца Ларыса Аляксандраўна расказвае, што забралі камп’ютар, агітацыйныя матэрыялы за Віталя Рымашэўскага, флэшку ад фотаапарата. «Шмат не было чаго забіраць», — кажа жанчына.

Потым Алеся павезлі на допыт у гродзенскае аддзяленне КДБ. Там юнака трымалі тры гадзіны. Адтуль яму дазволілі зрабіць званок маме. «Сказаў, што зараз яго павязуць у «амерыканку». Абвінавачваюць у актыўным удзеле ў несанкцыянаванай акцыі», — апавядае маці вязня.

У панядзелак яна прыязджала ў Мінск, але дабіцца інфармацыі пра сына так і не змагла. Перадачку для Алеся не прынялі — адправіла пасылку поштай.
Ларыса Кіркевіч падпісала дамову з адвакатам. Цяпер спадзяецца, што атрымае хоць нейкую інфармацыю пра сына.

«Для нас гэта была абсалютная нечаканасць. Тым больш, што свой тэрмін Саша ўжо адседзеў», — з адчаем у голасе кажа спадарыня Ларыса.

Алесь — адзінае яе дзіця.

У падарунак шкарпэткі і швэдар

Кіркевіч не трапіўся ў рукі спецназа на Плошчы, але праз пару дзён і яго не абышло выпрабаванне суткамі. Хлопца затрымалі за ўдзел у акцыі салідарнасці пад сценамі Акрэсціна. Пасадзілі на 10 ночаў. На волю Кіркевіч выйшаў толькі 3 студзеня.

У гэты час у зняволенні знаходзілася і яго нявеста Надзея Крапівіна.
«Ён мне потым казаў, што ладзіў акцыю для мяне», — смяецца Надзея.

Надзея выйшла на волю 31 снежня, напярэдадні Новага года. Тады і даведалася, што Алесь таксама на сутках. Там ён пісаў вершы («НН» друкавала твор, напісаны ў турме на Акрэсціна), маляваў карыкатуры.

«Мы доўга абмяркоўвалі, дзе будзем адзначаць Новы год. Казала Алесю: «Калі сапсуеш мне свята, трапіўшы ў турму, усё астатняе жыццё будзеш мыць посуд. А апынуліся ў турмах абое», — расказвае Надзея.

«Перад тым як паехаць на Плошчу, Алесь сустрэў мяне ў Гродне — не з кветкамі, а з шарсцянымі шкарпэткамі. У турме гэтыя шкарпэткі мяне ўратавалі. Я ж на Новы год купіла яму цёплы швэдар. Перадала яго…» — дзеліцца досведам дзяўчына.

У ЗАГС пасля суду і допыту

Каханне Алеся і Надзеі было крыху экстрэмальным. Заяву ў ЗАГС маладыя падалі 6 студзеня, і ў той самы дзень Алеся зноў судзілі.
На гэты раз у Гродне за арганізацыю перадвыбарчай сустрэчы з кандыдатам у прэзідэнты Міколам Статкевічам. Тады ўсё абышлося штрафам.
Надзею ж у той дзень выклікалі на допыт у КДБ. Вось пасля гэтых судоў і допытаў хлопец і дзяўчына і падалі заяву аб жаданні зарэгістраваць шлюб.
Распісаліся яны 22 студзеня. «Мы не хацелі вялікага вяселля. Зрабілі ўсё мінімальна. Пасядзелі ў коле сям’і. Як тут будзеш шырока адзначаць, калі такое робіцца? Дарэчы, Алесь вельмі хацеў, каб сведкам на вяселлі быў лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч… Але дзе там», — расказвае дзяўчына.

Здаецца, менавіта ў Кіркевічу Дашкевіч бачыў свайго наступніка. За хуткі тэрмін хлопец стаў намеснікам старшыні.

Ішлі да вяселля два гады

І Алесю, і Надзеі дваццаць адзін год. Яны пазнаёміліся два гады таму.
Дзяўчына кажа, што насамрэч нічога рамантычнага ў той гісторыі не было.

«Пазнаёміліся на нейкай трэцясектарнай імпрэзе. У нас было шмат супольных сяброў і знаёмых». Пабрацца вырашылі два месяцы таму. «Можа некаму і падасца, што хутка, але мы ішлі да гэтага два гады», — кажа Крапівіна.

Кіркевіч — вернік. Надзея кажа, што менавіта таму так рана, як па цяперашніх часах, пажаніліся — для Алеся было важна ўзаконіць іх адносіны.

З інтэлігенцкай сям’і

Гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч расказвае, што

Алесь Кіркевіч з інтэлігенцкай сям’і. Ягоны дзед, таксама Аляксандр, быў вядомым у Гродне краязнаўцам. Шмат гадоў апекаваўся музеем.
«Яго ведала ўся гродзенская інтэлігенцыя», — кажа А.Вашкевіч.

Ад дзеда ў спадчыну Алесю і перайшла любоў да гісторыі. Хлопец паступіў на гістфак Гродзенскага ўніверсітэта на спецыяльнасць «археалогія». Правучыўся там адзін курс, потым перавёўся на завочнае аддзяленне. А пасля ўвогуле кінуў вучобу.

«У яго цікавыя прынцыпы. Лічыць, што ва ўніверсітэце яго ніхто нічому не навучыць, — кажа паплечніца Кіркевіча Вераніка Велігор. — Але сам увесь час самаўдасканальваецца. Запоем чытае.
Алесь — чалавек эмацыйны. Гэта не заўсёды добра. Але імкнецца абавязкова давесці справу да канца».

«Ідэаліст, хрысціянін», — кажа пра яго Іван Шыла.

«Моцны чалавек»

«Алесь вырашыў, што цяпер для яго больш важная палітычная дзейнасць, а навучанне можа пачакаць», — расказвае Надзея Крапівіна.
Яна кажа, што сама некалі так лічыла. Але цяпер навучаецца на гісторыка ў польскім Любліне па праграме Кастуся Каліноўскага. «Канечне, адлегласць — гэта праблема, але мы вырашылі, што зможам яе пераадолець», — кажа Крапівіна.

«Апошняя наша размова была пра тое, як мы правядзём выходныя ў Варшаве. Можа, падумалі, што Алесь хоча ўцячы, і яго арыштавалі. Але ён ніколі не хацеў выязджаць з краіны», — гаворыць жонка Кіркевіча.

«Алесь — моцны чалавек. Матываваны, арганізаваны… А я… Я проста яго кахаю», — працягвае дзяўчына.
«Пасля затрымання шмат плакала. Хаця ў нейкім сэнсе мы гэтага чакалі. Застаецца толькі спадзявацца, што гэтыя выпрабаванні мы з гонарам вынесем».

* * *

Калі гэты артыкул ужо быў падрыхтаваны, стала вядома, што Алесь Кіркевіч падазраецца ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках, яму пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

* * *

Апошні верш, дасланы Алесем Кіркевічам у «Нашу Ніву» перад яго арыштам

* * *

На полі цудаў засталіся мы ўдвох
Я ды… Усёмагутны Бог.
Налева — зырк, направа — зырк:
Сусвет гарыць агнямі, нібы цырк,
Гандлюе мэтр, крычыць актор, гудзяць машыны,
Нясецца шчэ адзін герой, забыўшыся на міны,
Усе пры справе і ніводзін у журбе.
Знайсці б дзе-небудзь тут крыюўку для сябе…
«Пайдзеш?» — «Пайду» — «А можа пачакаеш?
Яшчэ гадок — жыцця зусім не знаеш…» —
«Я…» — «Ведаю, і ведаў загадзя,
Заросла мохам роспачы ладдзя,
Вазьмі што іншае, падумай, прыгадай
Каб адляцець куды? У Р-А-Й»
«Ура» — маскальскі кліч», — сказаў. Асёкся. Праглынуў.
«А наш — «Рубон» — і, як прыдурак лыч замкнуў.
Ён паглядзеў мне ў вочы, а пасля — на лес, пасля — зноў на мяне.
Я зразумеў, чым тут цяпер стаяць, мне ўтапіцца лепей у лайне…
«Прабачце», — я кажу. Ён усміхнуўся — я збялеў.
«Хаціш ісці — ідзі!» — і схамянуліся дзесяткі дрэў.
(Гасподзь не паважаў літаратурнай мовы.)
«А… хоць якія там умовы?»
Паспеў спытаць. Дарма спытаў. Кляну сябе.
Усё лепшае, вучылі мяне так, ствараецца ў барацьбе…
«Не. Пачакай. Пастой тут. Рэчы пры табе?»
(Тут акурат машына праняслась — Пачобута вязлі ў КДБ.)
«Пры мне» — «А ведаеш… Я пазваню, трымай!»
Расплюшчыў вочы я — у руцэ кардонны пачак, напісана «Чай».
Я паглядзеў, я азірнуўся, бачу толькі панараму:
Начное поле, на ўзбочыне агні, экраны
Там шоу: Ірына Дарафеева, Зімоўскі, «RockerJoker».
Вось тоўсты дзядзька з вертыкалі, кажуць, «полупокер»
Пайду… шукаць дарогу, ды адказы на пытанні «Што? Дзе? Як?»
Я памалюся за сяброў ды… пачак пакладу ў пляцак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?