На гэтым тыдні Вашынгтон абвясціў аб увядзенні эканамічных санкцый у дачыненні да Мінска. Амерыканскія санкцыі закрануць прадпрыемствы, якія ўваходзяць у канцэрн «Белнафтахім».
Інтэрнэт-газета Naviny.by пралічыла выгаду, якой не атрымае краіна з прычыны санкцый з боку ЗША.

Аб увядзенні санкцый беларускаму боку паведаміў на гэтым тыдні Мінфін ЗША.

Упершыню эканамічныя санкцыі ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім» былі ўведзеныя яшчэ ў лістападзе 2007. Тады Вашынгтон, рэагуючы на нежаданне афіцыйнага Мінска вызваляць палітвязняў, заблакаваў усе банкаўскія рахункі «Белнафтахіма», якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй ЗША.

У верасні 2008 Вашынгтон прыпыніў дзеянне санкцыяў у дачыненні да прадпрыемстваў «Белнафтахіма». Падставай для гэтага сталі «пазітыўныя крокі» з боку Мінска, а менавіта — вызваленне з беларускіх турмаў палітвязняў: Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча.

Пацяпленне адносінаў з Захадам, якое назіралася ў 2008—2010 гг., давала Вашынгтону падставы пралангіраваць мараторый на санкцыі. Апошні раз мараторый на санкцыі ў дачыненні ААТ «Лакафарба» і ААТ «Полацк-Шкловалакно» быў прадоўжаны ў канцы лістапада 2010.

Дзейнічаць мараторый павінен быў да 31 мая 2011. Але на гэтым тыдні Міністэрства фінансаў датэрмінова адклікала рашэнне, якое дазваляла прадпрыемствам «Белнафтахіма» працаваць з амерыканскімі контрагентамі. Санкцыі Вашынгтона ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў пачынаюць дзейнічаць 11 лютага.

Беларускія дзяржаўныя СМІ пастараліся паказаць, што ў тым, што здарылася, няма вялікай трагедыі.

Выснова, да якой прыйшло, у прыватнасці, беларускае тэлебачанне, была адназначнай — страты беларускага боку ад амерыканскіх санкцый невялікія. Маўляў, і без Амерыкі пражывем.

Аднак аб’ектыўныя фактары сведчаць аб тым, што наступствы ад амерыканскіх санкцый для беларускага боку будуць досыць сур’ёзнымі.

Па-першае, амерыканскі рынак, як паказвае досвед, дастаткова перспектыўны для канцэрна «Белнафтахім», і санкцыі тут відавочна недарэчы.

Інтэрнэт-газета Naviny.by мае дадзеныя аб’ёме паставак прадукцыі канцэрна «Белнафтахім» на амерыканскі рынак за апошнія гады. Дынаміка паказвае, што да ўвядзення першых санкцый у лістападзе 2007 «Белнафтахіму» ўдавалася нарошчваць аб’ём экспарту ў ЗША.

У храналагічным парадку падзеі развіваліся наступным чынам. Аб’ём паставак «Белнафтахіма» на амерыканскі рынак у 2005 годзе — 152,6 млн даляраў, у 2006-м — 383,3 млн даляраў, у 2007-м — 300,6 млн даляраў, у 2008-м — 97, 2 млн даляраў, 2009-м — 9,98 млн.

Такім чынам, відавочна, што амерыканскія санкцыі пазбавілі Беларусь прыбытку на сотні мільёнаў даляраў. А з улікам таго, што «Белнафтахім» выступаў галоўным экспарцёрам беларускай прадукцыі ў ЗША, то можна канстатаваць і іншае: санкцыі ў дачыненні да канцэрна прывялі да прыкметнага паніжэння беларускага экспарту ў гэтую краіну ў цэлым.

Ёсць у гэтай гісторыі і яшчэ адна важная акалічнасць — даляравая.

На закрытай для прэсы канферэнцыі па нафтапрадуктах, на якую ўвосень 2010 здолеў трапіць карэспандэнт Naviny.by, гаворка ішла пра тое, што пакупнікі беларускіх нафтапрадуктаў нясуць валютныя рызыкі.

Справа ў тым, што пасля санкцый з боку Вашынгтона беларускі бок замест даляра пачаў выкарыстоўваць еўрапейскую валюту ў гандлі нафтапрадуктамі. Аднак з прычыны рэзкіх ваганняў курсу еўра гэтая акалічнасць накладае на пакупнікоў беларускай прадукцыі цэнавыя рызыкі. Тым больш што беларускія нафтапрадукты контрагент, які знаходзіцца за межамі Беларусі, атрымлівае не адразу, а толькі праз месяц пасля заключэння ўгоды па іх набыцці.

З улікам усіх пералічаных абставінаў

атрымліваецца, што рэжым санкцый з боку ЗША не такі ўжо і бяскрыўдны для Беларусі, як гэта хочуць прадставіць.

Старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што амерыканскія санкцыі ў дачыненні да Беларусі праіснуюць да таго часу, пакуль беларускія ўлады не пойдуць на саступкі ў пытанні вызвалення палітвязняў і зняцця з іх абвінавачванняў.

«Гэта галоўная ўмова. Ёсць таксама і дадатковыя — паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, свабода сходаў, рэформа выбарчага заканадаўства і г.д.», — нагадвае эксперт.

На думку палітолага, цалкам санкцыі могуць быць скасаваныя толькі пасля прыкметнага паляпшэння сітуацыі з дэмакратыяй у краіне. «Пасля вызвалення палітвязняў санкцыі, хутчэй за ўсё, толькі прыпыняць», — мяркуе Дзяніс Мельянцоў.

Беларускі МЗС, як вядома,

пагражае сёння «прапарцыйнымі і адэкватнымі мерамі» ў адказ на санкцыі заходняга свету. Палітычных санкцый сапраўды можна чакаць.
Памятаецца, у 2008-м афіцыйны Мінск у адказ на санкцыі ў дачыненні «Белнафтахіма» запатрабаваў скараціць штат супрацоўнікаў амерыканскай дыпмісіі ў Беларусі.

Аднак эканамічныя санкцыі ў дачыненні да ЗША беларускія ўлады ўводзіць не наважыліся. Як вынік, экспарт беларускай прадукцыі ў ЗША ўпаў у некалькі разоў (з 249,4 млн даляраў у 2005-м да 41,3 млн. даляраў у 2009-м), а вось імпарт толькі вырас (з 255,8 млн даляраў у 2005-м да 382,2 млн даляраў у 2009-м). Такім чынам,

Беларусь у выніку абмежавальных мераў атрымала глыбока адмоўнае сальда ў гандлі з ЗША. Хоць у 2006-м яно было нават станоўчым.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?