Галоўнымі ворагамі Літвы ейныя жыхары лічаць Расею і Беларусь. Гэткія вынікі дало апытаньне грамадзкай думкі, праведзенае кампаніяй Vilmorus на замову літоўскага Інстытуту грамадзянскай супольнасьці.
50,2% літоўцаў назвалі Беларусь «недружалюбнай» і «найбольш варожа настроенай у дачыненьні да Літвы» краінай. Больш непрыязнай краінай літоўцы лічаць толькі Расею – 61,5% апытаных.
Што да этнічных літоўцаў, то ў варожасьці Беларусі перакананыя 53%, у варожасьці Расеі – 66%.
Апроч таго, «недружалюбнай» Беларусь лічаць і 38% апытаных расейскага і 37% польскага паходжаньня. Расею лічаць варожа настроенай адпаведна 40% і 39% рэспандэнтаў расейскага і польскага паходжаньня.
Астатнія краіны значна саступаюць «лідэрам рэйтынгу». У недружалюбнасьці Польшчы пэўныя 7,4%, Нямеччыны – 6,8%, Францыі – 6,3%, Іраку – 6%, Ізраілю –5,9%, Эстоніі ды Ірану – па 4,9%, ЗША – 4,6%.