Музыка22

Нежанаты аматар рарытэтных машын

Музыка Зміцер Сасноўскі распавёў аб сваёй кар’еры выкладчыка, любові да старых аўтамабіляў і жаданні завесці сям’ю.

Музыка Зміцер Сасноўскі распавёў аб сваёй кар’еры выкладчыка, любові да старых аўтамабіляў і жаданні завесці сям’ю.


«НН»: Зміцер, ты за год выдаў тры кнігі: «Гісторыя беларускіх музычных уплываў», «Гісторыя беларускай музычнай культуры», «Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага». Гэтая тэма настолькі не даследавана, што адзін аўтар можа так плённа працаваць?

ЗС: Так, сапраўды не даследавана. Адсутнічаюць афіцыйныя падручнікі па гісторыі музыкі. Парадокс сітуацыі ў тым, што гісторыя музыкі выкладаецца ў некалькіх ВНУ, але няма нават зборніка лекцый выкладчыкаў. 9,5-мільённая нацыя не мае афіцыйнага падручніка па гісторыі нацыянальнай музыкі.

Зміцер Сасноўскі нарадзіўся 22 лістапада 1974 года. Лідар гурту «Стары Ольса». Майстар і калекцыянер старадаўніх інструментаў. Грае на дудзе, гуслях.

«НН»: Чаму так?

ЗС: Найперш з-за абыякавасці да прадмета. З другога боку, прычына ў сістэме афіцыйных даследаванняў, па якой гісторыкі не займаюцца гісторыяй мастацтва, а мастацтвазнаўцы не валодаюць дастаткова метадалогіяй гістарычных даследаванняў і методыкай распрацоўкі храналогіі. Яшчэ адна прычына, як я лічу, у тым, што

гісторыя нашай музыкі паказвае абсалютную сувязь з многімі еўрапейскімі краінамі (Германіяй, Італіяй, Францыяй), але ж паказвае і на адсутнасць уплываў з усходу.

Наадварот, нашы музыкі ехалі ў Расію, засноўвалі музустановы, капэлы, пісалі творы пачынаючы ад Сімяона Полацкага, Васіля Цітова, Андрэя Сіхры (чэха, які нарадзіўся і вырас у Вільні, і заснаваў расійскую школу прафесійнай ігры на сяміструннай гітары). А таму гэтая тэма не выклікае ніякай цікавасці ў афіцыйных структур, бо яна нічога не дае для падтрымання сучасных ідэалагічных міфалагем.

«НН»: Кнігі выйшлі без грыфа Мінадукацыі. Не ведаеш, ці карыстаюцца імі ў ВНУ?

ЗС: Не ведаю. Але ў становішчы, калі адсутнічаюць сінтэзаваныя дапаможнікі, — я не кажу пра вузкія даследаванні, якія ёсць, часам і някепскія — гэты неафіцыйны падручнік, «Гісторыя беларускай музычнай культуры», будзе выкарыстоўвацца, сумневу няма.

Я чатыры гады выкладаў ва ўніверсітэце, таму ведаю, на што студэнты скардзяцца ў падручніках і навучальных дапаможніках. І паспрабаваў пазбегнуць гэтага. Думаю, што «Гісторыя беларускай музычнай культуры» не столькі для студэнтаў, колькі дапаможнік для выкладчыкаў пры напісанні лекцый. Я не спяшаўся яе выдаваць. Чакаў пакуль выйдзе што-небудзь акадэмічнае. На жаль, нічога не выйшла.

«НН»: Што ты выкладаў і чаму пакінуў працу?

ЗС: Выкладаў філасофію ў Полацкім дзяржаўным універсітэце. А сышоў, бо ўтварыўся гурт «Стары Ольса», і трэба было займацца музыкай. Ездзіць з Полацка ў Мінск на рэпетыцыі цяжка.

Выкладанне мне падабаецца. Не выключаю, што калісьці я ім буду займацца. Але праблема ў тым, што праца ў ВНУ — гэта жабрацкая праца.

Я дазволю сабе выкладаць толькі тады, калі гэта будзе раскошай і задавальненнем, а не імкненнем зарабіць на жыццё.

Працаваць далей і займацца музыкай было бессэнсоўна. Музыка нават ужо праз год прыносіла большы прыбытак і дазваляла лепш жыць, чым з выкладання ва ўніверсітэце.

«НН»: Даследчыцкая праца патрабуе шмат часу. Гэта не забірае час у «Старога Ольсы»?

ЗС: Не. У гурту існуюць дакладныя даты канцэртаў і гастроляў, а напісанне кніжак — расцягнуты занятак па часе. І ў міжгастрольны сезон, з позняй восені да позняй вясны, можна спакойна займацца даследаваннем. У гастролях шмат часу траціцца на пераезды, калі таксама можна працаваць над кнігай. І рэгулярна ўзнікаюць выпадкі, калі праглядаеш падчас гастроляў пэўны раздзел з кнігі і сустракаеш у Польшчы, Літве ці Германіі чалавека, які нешта падказвае табе менавіта па гэтай тэме.


«НН»: Цяпер, калі час зацішша з канцэртамі, над новым чымсьці працуеш?

ЗС: Так, заканчваю другі том «Гісторыі беларускай музычнай культуры». Выдавец Анатоль Тарас настойвае, каб я хутчэй здаваў рукапіс. Кніга павінна выйсці дзесьці ў канцы верасня.

«НН»: «Старому Ольсу» пайшоў другі дзясятак. У музыкаў узніклі іншыя паралельныя праекты. Гэта не замінае? Крызісу ў гурце няма?

ЗС: Шчыра кажучы, я баяўся, што колькасць гуртоў і праектаў Андрэя Апановіча («ЛітвінТроль»), Марыі Шарый (дзіцячы гурт), Алеся Чумакова («Кейлі Кёл») будзе шкодзіць. Але мае падазрэнні не спраўдзіліся: «Стары Ольса» для ўсіх удзельнікаў застаецца святым месцам. Складаней з працэсам сталення музыкаў. Той факт, што ўсе перажаніліся, і ў двух ужо ёсць дзеці, а двое іх чакаюць, гэта тое, з чым мы ўпершыню сутыкаемся. Якім чынам кожны з удзельнікаў гурту будзе сябе паводзіць і гарманічна сумяшчаць жыццё сямейнае з музыкай, мы не ведаем. Таму такое новае для нас жыццё пакажа яшчэ плюсы і мінусы.

«НН»: Ты сам яшчэ не жанаты. Баішся, што такі крок можа прывесці да канца музычнай працы?

ЗС:

Не жанюся, бо не сустрэў дзяўчыну, якая ставілася б з разуменнем да заняткаў музыкай, кіно, даследчыцкай працай.

Часам гэтыя заняткі не прыносяць грошы адразу. А сям’я — гэта напалову каханне, напалову бізнэс-праект. Тут трэба думаць сур’ёзна.

«НН»: «Дударскі фэст», «Гальшанскі замак», да арганізацыі якіх ты спрычыніўся, — нешматлікія адкрытыя фестывалі старажытнай музыкі ў Беларусі. Наколькі яны апраўдваюць сябе, прыцягваюць новых слухачоў?

ЗС: Калі гаварыць, што поспех фестывалю ў тым, што ён прыцягнуў новае кола выканаўцаў і слухачоў, то абодва фестывалі растуць і развіваюцца. А як прадзюсар «Дударскага фэсту» і адзін з арганізатараў «Гальшанскага замка», на паспяховасць гляджу праз іх акупальнасць. Перспектывы ёсць. Але сказаць, што гэтыя фестывалі прыносяць грошы, нельга.

У сферы адраджэння культуры многае робіцца на энтузіязме і на пачуцці, што не зрабіць гэтага ты проста не можаш.

«НН»: Але да арганізацыі гэтых фэстаў атрымалася прыцягнуць прыватны бізнэс. У людзей з грашыма цікавасць з’яўляецца да такіх праектаў?

ЗС: Я называю гэта «эпідэміяй зялёнага руху»: агратурызм, захапленне старадаўняй кухняй, натуральнай ежай... І ў сувязі з гэтым у прыватнага бізнэсу ёсць зацікаўленасць да турызму, заснаванага на старадаўняй культуры. У першую чаргу гэта тычыцца фэсту «Гальшанскі замак». Знайшліся людзі, якім гэта цікава. Камп’ютарная фірма, чый гаспадар Алесь Прысмакоў прыязна ставіцца да такіх фестываляў і падтрымлівае. Турыстычнае агенства «Гісторыя-тур», якое спецыялізуецца на гістарычным турызме. «Прыёрбанк» дапамагае з транспартам для музыкаў і рыцараў.

«НН»: Музыка — хлеб надзённы. Але ёсць у цябе і захапленне рарытэтным транспартам. Адкуль яно?

ЗС: Сучасныя машыны робяцца па крытэрыях аэрадынамікі, эканамічнасці, устойлівасці да пэўных уздзеянняў. І ўсё ўплывае на дызайн. Часам мы жартуем, патрапіўшы на аўтарынак «Малінаўка»: ты ходзіш і глядзіш на аўтамабілі, у якіх змяняюцца толькі колеры і памеры, але характар і знешнасць амаль не змяняюцца. Аднолькавы стыль дызайну прыводзіць да таго, што гэтыя машыны безаблічныя. Трапіўшы ў камфортны салон, ты едзеш на транспартным сродку. Але ты не чуеш, як машына сябе паводзіць. Камфорт забівае эмоцыі ў аўтамабілях. А 1930-я гады — класіка машынабудавання, калі аўтамабілі вырабляліся па прынцыпе дызайну. Напрыклад, BMW цяпер сабе не можа дазволіць падаўжаць капот на 30 см толькі з-за прыгажосці, як некалі. А раней многае рабілася з прыгажосці. Таму тыя машыны маюць свой выгляд, свой характар. А захапленне імі ў мяне ад задавальнення, якое атрымліваю, калі сядаю ў стары аўтамабіль і адчуваю яго непадобнасць да іншых.

«НН»: Бачыў цябе на «масквічы» 1951 года. Чым яшчэ валодаеш?

ЗС: Чалавек, захоплены старым транспартам, ніколі не назаве гэтую мадэль «масквічом». Гэтыя машыны зробленыя на станках завода «Опель», рабочымі і інжынерамі завода «Опель» і па чарцяжах гэтага завода. Таму ў «масквічах» мадэляў 400 і 401 — усё нямецкае. А адзінае савецкае там — жалеза. Таму гэта «опель-кадэт» К38. І гэта прымусіла мяне захапляцца машынай. Я зняў усе подпісы «масквіч» са свайго аўтамабіля.

Я з’яўляюся сябрам рэтра-таварыства «Наша перамога». І ёсць калектыўнае валоданне некаторымі аўтамабілямі. Маім яшчэ з’яўляецца польскі мікрааўтобус «Ныса». А мой «запарожац» 968 хутка будзе ператвораны ў кабрыялет.

Каментары2

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Усе навіны →
Усе навіны

Даляр апусціўся за адзнаку 3,5 рубля3

У жонкі беларускага тэнісіста ў Пецярбургу сцягнулі залаты ланцужок4

Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне3

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі яшчэ з аднаго кірмаша ў Польшчы17

У Варшаве пачынаецца суд па справе згвалтавання і забойства беларускі Лізы2

У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі

Мінздароўя ўстанавіла нормы прыёму пацыентаў

«Было адчуванне, што людзі ўжо не хочуць вайны». Аляксей Ластоўскі аб наведванні Сірыі і рэжыме Асада як меншым зле14

Азаронак заявіў, што стаў мякчэйшым, і патлумачыў, чаму здаў назад30

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

«Шугануць Берлін ды іншых еўрапейцаў». Пуцінскі «Арэшнік» можа быць толькі зрэжысіраваным шоу

Галоўнае
Усе навіны →