Ён не збіраўся рабіць рэвалюцыю. У сваёй выбарчай кампаніі ён рабіў стаўку на дыялог з уладай. Гэта не выратавала яго ад арышту.

Падобна як і найбольш радыкальныя ўдзельнікі нядаўняй прэзідэнцкай гонкі Андрэй Саннікаў і Мікола Статкевіч, Алесь Міхалевіч хутка ўжо 2 месяцы як знаходзіцца ў турме КДБ. І нішто не прадвяшчае яго хуткага вызвалення.

Відавочна, што ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі для Алеся Міхалевіча быў толькі крокам у яго плане стварэння новага палітычнага руху. Маючы дастаткова сціплыя сродкі, Міхалевіч змог сабраць неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам 100 тысяч подпісаў. Дапамог яму той факт, што ад удзелу ў кампаніі адмовіўся Аляксандр Мілінкевіч і шэраг рэгіянальных структур, якія працавалі б на лідара руху «За свабоду», перайшлі на бок Міхалевіча.

Гэта дало магчымасць выканаць «праграму мінімум» — зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты.

Сваю агітацыйную кампанію Міхалевіч будаваў у заходнім стылі, адрасна працуючы па вызначаных электаральных групах:

вайскоўцы, чыноўнікі, сілавыя структуры, нацыянальныя і рэлігійныя меншасці… Акрамя яго ніхто да гэтых групаў не звяртаўся. А Міхалевіч дзейнічаў досыць рашуча. У Гродне, напрыклад, ён заявіўся ў аблвыканкам і пайшоў па кабінетах чыноўнікаў, раздаючы ім агітацыйныя матэрыялы і заклікаючы падтрымаць сваю кандыдатуру.

Уявіце сабе шок чыноўніка, калі да яго ў кабінет нечакана заходзіць апазіцыйны кандыдат у прэзідэнты

і прама пад партрэтам «паважанага Аляксандра Рыгоравіча» пачынае «гнуць сваю лінію».

Натуральна выклікалі міліцыю. Аднак загаду падымаць скандал не было і пасля праверкі дакументаў Міхалевіча шчасліва адпусцілі «на ўсе чатыры бакі».

У той час як Віталь Рымашэўскі, Рыгор Кастусёў ці нават Яраслаў Раманчук у сваіх выступах заклікалі прыхільнікаў выйсці 19 снежня на плошчу (я свядома пералічваю прозвішчы тых экс-кандыдатаў, якія не сядзяць) Міхалевіч нібы заклён паўтараў слоган ўлады — «Разам мы Беларусь», падкрэсліваючы, што ён і яго прыхільнікі «таксама Беларусь», а таму трэба дамаўляцца.

Паколькі ўдзел у прэзідэнцкай гонцы было толькі тактычным крокам у яго плане, то выразных адносінаў да акцыі пратэсту 19 снежня ў Міхалевіча не было. Ён спрабаваў лавіраваць. З аднаго боку ён вымушаны быў у ёй удзельнічаць, каб пазбегнуць таўра здрадніка, з другога боку гэта не павінна было перакрэсліваць яго планаў па працягу пасля выбараў дыялогу з уладай і фарміравання новай адкрытай на дыялог з Лукашэнкам палітычнай сілы.

Таму ён прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу, але не выступаў…

Далейшы вынік вядомы. Арышт, змяшчэнне ў «амерыканку» і апрацоўка па-поўнай.

Па сутнасці, уначы з 19 на 20 снежня ўсім кандыдатам у прэзыдэнты Лукашэнка праз сваіх «паўнамоцных прадстаўнікоў» (толькі ў выпадку з Яраславам Раманчуком гэта былі людзі з Адміністрацыі прэзідэнта ўзмоцненыя супрацоўнікамі Службы бяспекі з астатнімі размаўлялі КДБ-істы) прапанаваў безумоўную капітуляцыю.

Супернік павінен быў прадэманстраваць, што ён маральна раздушаны, павінен быў поўзаць на каленях.

Ці будзе гэта тэлезваротам ці «тлумачальная запіска прэзідэнту Рэспублікі Беларусь» не так і важна. Зброю свайго ўласнага маральнага знішчэння апазіцыянеры маглі выбраць самі.

Хто прыняў гэтыя ўмовы — той пазбег турмы.

Уяўляю здзіўленне КДБ калі справа дайшла да Міхалевіча. «Прадыялогавы» і антырасійскі палітык (прыклад Рыгора Кастусёва паказвае, што можна было ўсё валіць на Расею, і такім чынам часткова захаваць свой твар), павінен быў быць «слабым звяном». Усё павінна было прайсці хутка, як па масле… Але не тут тое выйшла. Расчараваў Алесь, прыхільнікаў «дыялогу пад пратакол».

І сёння Міхалевіч сядзіць з адной прычыны — ён не хоча быць марыянеткай, ён застаецца палітыкам, які нават у экстрэмальных сітуацыях самастойна прымае рашэнні. І з гэтым Лукашэнка не хоча змірыцца.

Лёс Міхалевіча паказвае, што сёння шчырая стаўка на палітычны дыялог з Лукашэнкам, бессэнсоўная. Бо дамаўляцца ні з кім дыктатар не збіраецца. Гаворка можа ісці толькі аб безагаворачнай капітуляцыі. Альбо Лукашэнка альбо яго праціўнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?