Адвакат Міхаіл Волчак, які з’яўляўся абаронцам Святланы Байковай, не зможа ёй дапамагчы на судовым працэсе.

Як паведаміў Волчак, з 31 студзеня ён ужо не працуе, ліцэнзію здаў у Міністэрства юстыцыі, а пасведчанне — у Мінскую абласную калегію адвакатаў. Пытанне, ці пайшоў ён добраахвотна або яго вымусілі, былы абаронца работніка Генпракуратуры пакінуў без адказу.

Нагадаем, у пачатку гэтага года ў дачыненні да Міхаіла Волчака, адваката старшага следчага па асабліва важных справах Генпракуратуры Святланы Байковай, Генеральнай пракуратурай была распачата справа па ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэкса (выдаванне даных дазнання, папярэдняга следства або закрытага судовага пасяджэння).

Распачынанне справы звязвалася з накіраванай Волчакам у канцы кастрычніка — пачатку лістапада 2010 года ў Генпракуратуру скаргай на бяздзеянне органа, які вядзе крымінальны працэс у дачыненні да яго падабароннай. Сутнасць яе стала вядомай. Як паведамляў БелаПАН, адвакат, грунтуючыся на даных праслухоўвання КДБ, якія фігуруюць у матэрыялах следства, у сваім звароце ў Генпракуратуру заявіў, што папярэднім следствам наўмысна не дадзена прававая ацэнка супрацьпраўным дзеянням афіцэра міліцыі, які ўваходзіў у склад следчай групы Байковай.

Нагадаем, Святлана Байкова была затрымана супрацоўнікамі КДБ 25 лютага 2010 года па падазрэнні ў перавышэнні ўлады. Справы ў дачыненні да яе былі распачаты КДБ 24 лютага па прыкметах складаў злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 399 (незаконнае вызваленне ад крымінальнай адказнасці) і 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) КК.

Ці ёсць у Байковай новы адвакат, Міхаіл Волчак не ведае.

Дата пачатку разгляду яе справы ў Вярхоўным судзе пакуль не абвяшчалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?