Кампаньёны (Prairie Home Companion)

ЗША, 2005, каляровы, 100 хв.

Жанр: Драма

Адзнака: 6,5 (з 10)

Карціна «Кампаньёны», якая дэманструецца на нашых экранах стала апошнім фільмам кінаклясыка Робэрта Олтмэна, які памёр на мінулым тыдні. Олтмэн праславіўся трагікамічным гратэскам «Перасоўны ваенна-палявы шпіталь», сацыяльна-крытычным «Нэшвілам» і жорсткаю апрацоўкаю вэстэрна «Мак-Кэйб і місіс Мілер». З апошніх твораў Олтмэна – «Гатовае адзеньне» пра высокую моду – і «Гулец» – пра норавы Галівуду.

Олтмэнаўскі стыль – адмысловы. Гэта трапныя скрыжаваныя дыялёгі, атмасфэра бурлеску – і праўды, сацыяльная крытыка – і выкшталцоная акторская гульня. Найлепшыя зоркі біліся за права працаваць з Робэртам Олтмэнам – і часам здымаліся ў ягоных аўтарскіх драмах за сымбалічныя грошы.

У карціне «Кампаньёны» – Ўудзі Гарэлсан і Мэрыл Стрып, Томі Лі Джонз і Гарысан Кейлар.

Фільм «Кампаньёны» мае ўсе прыкметы олтмэнаўскага стылю. 50-ыя гады. Апошняе радыёшоў. Акторы выкладаюцца напоўніцу, а за кулісамі віруе жыцьцё...

Каўбоі-сьпевакі зь непрыстойнымі кпінамі, дзяўчына, якая баіцца выступаць на сцэне і нават прывід, які не жадае дараваць радыёжартаў.

Усё зьмяшалася на гэтай сцэне, настальгія, жыцьцё, сьмерць – гэта «Вішнёвы сад» па-амэрыканску. І балючае разьвітаньне Робэрта Олтмэна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?