Візіт у Беларусь дэлегацыі Еўрапарламента не адбудзецца з-за немагчымасці сустрэцца з затрыманымі апазіцыянерамі.

Такое рашэнне прынята 10 лютага,

паведаміў журналістам старшыня дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю Яцэк Пратасевіч.

«Не мае сэнсу сустракацца толькі з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі ўладаў»,

— цытуе Пратасевіча Польскае агенцтва друку (PAP). Акрамя таго, адзначыў еўрадэпутат, беларускі бок даў зразумець, што не ўсе члены дэлегацыі могуць атрымаць візы на ўезд у Беларусь.

Першапачаткова дэлегацыя Еўрапарламента планавала наведаць Беларусь да 31 студзеня, каб вывучыць умовы, у якіх улады ўтрымліваюць экс-кандыдатаў у прэзідэнты і іншых апазіцыянераў, затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня. Еўрапарламентарыі таксама разлічвалі сустрэцца з сем’ямі і адвакатамі затрыманых, незалежнымі журналістамі, праваабаронцамі і прадстаўнікамі ўладаў.

27 студзеня Пратасевіч паведаміў, што візіт у Беларусь адкладзены на месяц «па арганізацыйных прычынах, звязаных з палітычнай абстаноўкай у краіне».

Рашэнне аб адмене паездкі было прынята сёння на сустрэчы еўрапарламентарыяў, якія планавалі ўвайсці ў склад дэлегацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?