Канферэнцыя старшыняў палітычных фракцый Еўрапарламента прыняла рашэнне аб скліканні першага пасяджэння Еўранеста без беларускай дэлегацыі.

«Спадзяюся, гэта толькі пераходны стан, а не канчатковае рашэнне. Парламентарыі з Беларусі вітаюцца, але толькі калі свабодныя выбары, прызнаныя ўсім светам, стануць рэальнасцю. Мы павінны ўбачыць там дэмакратычны працэс», — пракаментаваў гэтае рашэнне старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек, словы якога прыводзіць Польскае агенцтва друку (PAP).

Раней меркавалася, што ў працы Парламенцкай асамблеі праграмы Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» (Еўранест) возьмуць удзел 60 еўрадэпутатаў, а таксама па 10 прадстаўнікоў (у асноўным парламентарыяў) ад Грузіі, Украіны, Арменіі, Азербайджана, Малдовы і Беларусі. У адносінах да апошняй разглядаліся розныя варыянты: запрашэнне выключна апазіцыі або апазіцыі і пяці прадстаўнікоў парламента. Аднак гэтыя ідэі не знайшлі разумення ні ў афіцыйнага Мінска, ні ў шэрагу краін — суседзяў ЕС. У сувязі з рознагалоссямі дагэтуль не адбылося ніводнага пасяджэння Еўранеста.

10 лютага пастанова пачаць працу Еўранеста без прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і парламента Беларусі была прынята ў Еўрапарламенце аднагалосна.

Разам з тым Еўрапарламент памятае пра беларускую апазіцыю і працягне падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, заявіў Бузек.

Пасяджэнне Еўранеста можа адбыцца ў сакавіку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?