«Белакрылы анёл» гурту «Zet» прэтэндуе на «Рок-карону».

У Менску пройдзе «Рок-каранацыя». Беларускіх музыкаў узяўся падтрымаць бровар «Баброў».

Паводле словаў арганізатара Юр’я Цыбіна, «Каранацыя» пасьвяжэе, дзякуючы новым намінацыям ды ўвядзеньню інтэрактыўнага галасаваньня. Прадусэры фэсту спадзяюцца такім чынам ліквідаваць залішнюю суб’ектыўнасьць цырымоніі — раней усе прызы разьмяркоўвала журы. Сёлета журы, у якое ўваходзяць журналісты, музыкі і прадусэры, абірала намінантаў на адзінаццаць «каронаў» па выніках апошніх двух гадоў. Раней «кароны» ўручаліся па сямі-васьмі асноўных намінацыях, таму кола прэтэндэнтаў было такое вузкае. Паказальная ў гэтым пляне «Каранацыя-2000», калі ў намінацыях «Рок-карона», «Альбом году», «Відэакліп году», «Тэксты» перамог гурт «N.R.M.», падзеяй году прызнаны праект «Я нарадзіўся тут», а «Музыкам году» — Лявон Вольскі. Каб пазьбегнуць такой сытуацыі, сёлета будуць узнагароджаны найлепшыя прадстаўнікі па кірунках (рок, блюз, фольк, альтэрнатыва і праект году). Журы адзначыць найлепшых толькі ў гэтых катэгорыях. У астатніх намінацыях (кліп, песьня, альбом, выканаўца, рок-князёўна, дэбют) пераможца будзе абраны па выніках інтэрнэт- і SMS-галасаваньня.

Багата сёлета будзе гуртоў з-за Менску «Мы езьдзілі па краіне і слухалі», — кажа Ю.Цыбін. Магілёў прадставяць поп-панкі «Глюкі», Берасьце — «Сьцяна», Гомель — блюзмэны з «Al narrator orhestra», Віцебск — этнічны «Восьмы дзень», Горадню — поп-рокавая «Айша», а Полацак асобна — «Фляўс і Кляйн» (даніна павагі фэсту «Рок-кола»). На мінулых «Каранацыях» несталічныя гурты ня надта былі аблашчаныя ўвагай. Згадваецца толькі гомельская «Rasta» («Дэбют-2002») і аршанская «Пані Хіда», адзначаная ў 1998 г. за «Сьлёзы на соснах» — «Кліп году».

Афішы фэстывалю надрукаваны па-расейску. Ю.Цыбін кажа, што для яго моўнае пытаньне не прынцыповае. Арганізатары канцэрту з «Кляс-клюб ДК» кажуць, што яны не баяцца беларускай мовы: «Мы карыстаемся ранейшымі напрацоўкамі, і частка рэклямнай кампаніі «Рок-каранацыі» заўжды праводзілася па-расейску». Саму цырымонію дырэктар полацкага фэсту «Рок-кола» Сяргей Анішчанка і тэлевядоўца з «Музычнага каналу» Каця Пытлева будуць весьці па-беларуску.

Дагэтуль не вядома, ці будуць дапушчаныя на сцэну музыкі з «чорнага сьпісу». Аляксандар Кулінковіч — лідэр групы «Нейра дзюбэль», чый дыск «Танкі» прэтэндуе на «Альбом году», кажа, што яго на «Рок-каранацыю» пакуль ня клікалі. «Праблемы «забароненых» для нас не існуе, — тлумачыць Ю.Цыбін. — Хто будзе ўзнагароджаны, той і выйдзе на сцэну. Гэта ж не палітычная акцыя». Сьпіс выступоўцаў пакуль трымаецца ў сакрэце, але на афішах у намінантах фігуруюць «Крамбамбуля», «Zet», «Крама». У адной з асноўных намінацыяў — «Гурт году» — маюць шанец быць адзначанымі таксама гурты, якія за гады прастою «Рок-каранацыі» зрабілі сябе: «Indiga» і «IQ-48». Не адну «карону», відаць, атрымае «J_Moрс». Вялікая канкурэнцыя ў намінацыях «Блюз-рок выканаўца», «Фольк-выканаўца» і «Альбом году».

У шчыльных радах «дэбютантаў» на першы плян могуць выйсьці дуэт «Саша і Сірожа» і ляўрэаты апошняга «Басовішча» — «Таварыш Маўзэр». Меней прэтэндэнтаў на «Кліп году» і «Рок-князёўну». Апошняе слова — за прыхільнікамі беларускай музыкі: 15 лютага стартуе галасаваньне.

Сьпіс намінацый фэстывалю «Рок-каранацыя-2005»:

1. Гурт году.

2. Лепшы альтэрнатыўны гурт.

3. Блюз-рок выканаўца.

4. Фольк-выканаўца (традыцыі і сучаснасьць).

5. Праект году.

6. Выканаўца году.

7. Сьпявачка году (рок-князёўна).

8. Кліп году.

9. Дэбют.

10. Песьня году.

11. Альбом.

Сьпіс песень, якія прэтэндуюць на тытул «Песьні году»

«Zet», «Белакрылы анёл»

«J_Mors», «Маё сонца»

«The Stokes», «Пад купалам нябёсаў»

«Безь білета», «Дзьве лодкі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?