Мэрам Варшавы ўпершыню ў польскай гісторыі стала жанчына – былая старшыня Нацбанку і віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця Ганна Гранкевіч-Вальц на муніцыпальных выбарах апярэдзіла былога прэм’ер-міністра Казімежа Марцінкевіча. Як мяркуюць адмыслоўцы, перамога Гранкевіч-Вальц спрыяцьме разьвіцьцю бізнэсу і павелічэньню інвэстыцыяў у польскай сталіцы.

Каля трох месяцаў таму, калі стала ведама хто і ад якіх партыяў балятавацьмецца на пост мэра Варшавы, выканаўца абавязкаў мэра, колішні прэм’ер-міністар, сябра кіраўнічай партыі «Права і справядлівасьць» Казімеж Марцінкевіч быў бясспрэчным лідэрам усіх апытанак грамадзкай думкі. Аднак пакрысе разрыў паміж ім і кандыдатам ад апазыцыйнай «Грамадзянскай плятформы» Ганнай Гранкевіч-Вальц менеў. Яшчэ за колькі дзён да галасаваньня ў другім туры муніцыпальных выбараў зь мінімальнай перавагай (у адзін адсотак) наперадзе быў Казімеж Марцінкевіч.

У панядзелак гарадзкая выбарчая камісія абвесьціла, што мэрам сталіцы стала Ганна Гранкевіч-Вальц, якая дастала трохі болей за 53% галасоў – на шэсьць адсоткаў болей ад Казімежа Марцінкевіча.

«Дзякуй вялікі – я вас не падвяду!» – сказала сваім прыхільнікам і выбарцам Ганна Гранкевіч-Вальц пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня.

Яна таксама падзячыла былому прэзыдэнту Польшчы Аляксандру Квасьнеўскаму і лідэру левацэнтрыстаў Марку Бароўскаму, які заняў трэцяе месца ў першым туры выбараў, – яны заявілі, што прагаласуюць за яе.

У выніку частка электарату левых партыяў і посткамуністаў, выбіраючы паміж прадстаўніком «Права і справядлівасьці», партыі, якую ўзначальваюць перакананыя антыкамуністы, і кандыдатам ад лібэральнай «Грамадзянскай плятформы» сьледам за сваімі лідэрамі выбралі «меншае ліха».

«Патрапіла так, што Ганна Гранкевіч-Вальц – гэта жанчына з сталі, але з добрым сэрцам. Гэтае спалучэньне дае Варшаве спадзеў», – заявіў лідэр «Грамадзянскай плятформы» Дональд Туск.

Як кажуць палітыкі гэтай партыі, перамога ў сталіцы вяшчуе перамогу ў наступных парлямэнцкіх выбарах ва ўсёй Польшчы.

На пытаньне, чаму Казімеж Марцінкевіч – адзін з найпапулярнейшых палітыкаў у Польшчы – прайграў, маецца некалькі адказаў. Па-першае, Марцінкевіч – не варшавяк, па-другое, як кажуць спэцыялісты, сталічныя жыхары проста не маглі дапусьціць, каб кіраўнічая партыя «атрымала ўсё» – то бок акрамя пасадаў прэзыдэнта, прэм’ера, сьпікера парлямэнту яшчэ і фатэль мэра Варшавы.

Апроч таго, у кампаніі Казімежа Марцінкевіча было зроблена колькі прыкрых абмылак. Спачатку супрацоўнікі ягонага штабу без дазволу выкарысталі ў кампаніі песьню пра Варшаву папулярнага рок-гурту. Затым зрабілі памылку праграмуючы аўтамат, які тэлефанаваў варшавякам і ўключаў запіс з голасам кандыдата. Машына абудзіла дзясяткі тысячаў варшавякаў а другой-трэцяй гадзіне ўначы.

«Цалкам мажліва, што адзін той дзень, а дакладней ноч тэлефанаваньняў паўплывала на вынікі галасаваньня. Гэта фатальная памылка – нічога падобнага раней не адбывалася», – заявіў Марцінкевіч.

Апазыцыя выйграла выбары мэраў у Кракаве, Беластоку, Любліне, кіраўнічая партыя – у Лодзі, Радаме, Плоцку. У Познані і яшчэ шэрагу гарадоў перамаглі незалежныя кандыдаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?