Група Баршчэўскага-Хадыкі пакінула БНФ
86 сяброў партыі падпісалі заяву аб нязгодзе з палітыкай кіраўніцтва партыі.
86 сяброў партыі падпісалі заяву аб нязгодзе з палітыкай кіраўніцтва і выхадзе з партыі. Сярод падпісантаў — былы старшыня партыі Лявон Баршчэўскі, прафесар Юрый Хадыка, мастак Алесь Марачкін, паліттэхнолаг Вацлаў Арэшка, архітэктарка з Берасця Ірына Лаўроўская і іншыя вядомыя партыйцы.
У спісе падпісантаў няма былога старшыні партыі Вінцука Вячоркі.
Затое, як паведамляе сайт «Хартыя-97», заяву аб выхадзе з партыі мае намер неўзабаве напісаць і кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.
Сяброўка Рады арганізацыі БНФ Кастрычніцкага раёну Менска Людміла Белахвостава для радыё "Свабода" патлумачыла сітуацыю наступным чынам: «Мы асуджаем курс Янукевіча-Кастусёва. Разам з тым, не хочам марнаваць час на ўнутраныя разборкі. Мы спрабавалі размаўляць, але нам было сказана: «Выходзьце з партыі». Няма сэнсу заставацца ў арганізацыі, якая перастала адпавядаць сваёй назве і праграмным каштоўнасцям».
Мікола Бугай
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ