18 лютага можа пачацца суд над Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым.

 Эдуард Лобаў (на фота справа).

Эдуард Лобаў (на фота справа).

Хлопцаў абвінавачваюць у злосным хуліганстве. Нібыта яны за дзень да выбараў у адным з спальных раёнаў Мінска збілі людзей. У Лобава пры гэтым у заплечніку знайшлі цвікадзёр.

Цяпер Лобаў і Дашкевіч знаходзяцца ў Жодзінскім СІЗА, дзе і чакаюць суда. Калі пра асобу Дашкевіча вядома шмат чаго, то Лобаў застаецца малавядомым.

Эдуарду Лобаву 22 гады. Ён мінчанін. Хлопец прызнаваўся, што ўжо ў 8-м класе вырашыў звязаць сваё жыццё з войскам. Чытаў адмысловую літаратуру, займаўся спортам.

На службу Лобаў трапіў у Віцебскі дэсант. Але служба яго расчаравала.

Ён сутыкнуўся з многімі рэчамі, якія не мелі ніякага дачынення да службы, але іх трэба было выконваць. І гэта ў элітным спецназе.

Якраз у той самы час туды быў прызваны гомельскі «маладафронтавец» Андрусь Цянюта. Менавіта Цянюта загітаваў Лобава далучыцца да Маладога Фронту.

За колькі дзён да дэмбеля Лобаў быў зняволены на гаўпвахце адразу за Цянютам. Па вяртанні з службы Лобаў актыўна ўключаецца ў працу МФ. Яму давяраюць кіраваць мінскай гарадской арганізацыяй.

Але цікавасць да войска ў Лобава не праходзіць. У ягоных інтарэсах на сайце «Вконтакте» напісана: «Ваенная справа, адраджэнне беларускай народнай арміі».

З турмы Лобаў піша, што ўмовы там не горшыя, чым у войску, а можа, нават і лепшыя. Пару тыдняў таму за адмову сведчыць на маладафронтаўцаў Лобава пагражалі перавесці ў іншую камеру, дзе з ім сукамернікі расправяцца. Але пакуль усё ціха.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?