Самы правальны з самітаў СНД: мэмарандум пра ўзаемаразуменьне адклалі на пасьля — пакуль ня вырашаць, як рэфармаваць СНД. Тым часам беларуская сталіца задыхаецца ў заторах — цэнтар гораду перагароджаны. Крамлёўскі пул журналістаў адмовіўся асьвятляць падзеі саміту ў знак пратэсту супраць нядопуску шэрагу карэспандэнтаў беларускім бокам. У якасьці іншага захаду ў адказ беларускіх журналістаў не пусьцілі на прэс-канфэрэнцыю Пуціна. Тым часам Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла рашэньне прызнаць Галадамор 1932-33 гадоў генацыдам украінскага народу.

Аляксандар Лукашэнка на адкрыцьці саміту заявіў пра неабходнасьць распрацоўкі прадуктыўнай мадэлі садружнасьці. «Галоўнае дасягненьне Садружнасьці – захаваньне нацэленасьці на супрацоўніцтва. Нам неабходна праводзіць больш актыўную работу па паглыбленьні інтэграцыі», – перадае словы прэзыдэнта «Інтэрфакс». Аднак словы засталіся словамі.

Расейскі бок прапанаваў выключыць з павесткі дня паседжаньня кіраўнікоў дзяржаў СНД прапанаваны Ўкраінай мэмарандум пра ўзаемаразуменьне. На думку расейскага боку, дадзены дакумэнт можна разглядаць толькі пасьля прыняцьця рашэньня пра рэфармаваньне СНД. Астатнія дэлегацыі пагадзіліся з думкай Расеі.

Расея таксама заблякавала прыняцьце ўсіх эканамічных дакумэнтаў.

Спадзяваная сустрэча Пуціна з Саакашвілі так і не адбылася.

Адзіным плёнам ад саміту стала абвешчанае Пуціным рашэньне Расеі спыніць эмбарга на малдаўскія віны. А таксама трохбаковая сустрэча кіраўнікоў Беларусі, Украіны і Азэрбайджану — першая сустрэча ў такім фармаце.

Галоўную ж навіну дня зрабілі не постсавецкія аўтакраты, а журналісты.

Расейскія журналісты зь незалежных СМІ, акрэдытаваныя на сустрэчы прэзыдэнтаў СНД у Менску, пакінулі саміт і адмовіліся асьвятляць яго. Гэты дэмарш "крамлёўскага пулу" — гэта значыць, журналістаў, якіх дапускаюць на мерапрыемствы з удзелам прэзыдэнта Расеі — быў акцыяй салідарнасьці з карэспандэнтамі “Московского комсомольца” і “Коммерсанта”, расейскіх выданьняў, крытычных да беларускай адміністрацыі, якіх не дапусьцілі на сустрэчу ў вярхах.

Прадстаўнік прэсавай службы прэзыдэнта Расеі паведаміў, што на саміце засталіся толькі прадстаўнікі дзяржаўных мэдыяў, “каб грамадзкасьць ведала, што адбываецца на саміце”.

Кіраўнік расейскага саюзу журналістаў Ігар Якавенка патлумачыў у інтэрвію радыё "Свабода", што “ўсе журналісты прэзыдэнцкага пулу падтрымалі сваіх калегаў і адмовіліся асьвятляць тое, што суправаджалася гэткай агіднасьцю. Я лічу, што гэта добрая навіна,” – заявіў Ігар Якавенка і дадаў, што “расейскія ўлады не дазваляюць сабе такога хамства адносна журналістаў”.

Увечары скандал разросься. Прэзыдэнт Расеі не зьявіўся на выніковай прэсавай канфэрэнцыі саміту. Ён абмежаваўся кароткай сустрэчай з журналістамі ў аэрапорце "Менск-2". Аднак прэсавая служба прэзыдэнта Расеі забараніла беларускім журналістам прысутнічаць на ёй. Беларускія і расейскія журналісты падышлі да VIP-залі, аднак беларускім забаранілі ўваходзіць у яе. Гаворка ідзе пераважна пра супрацоўнікаў беларускіх дзяржаўных СМІ.

Іншае значнае пасланьне саміту СНД прыйшло сёньня з Кіева. Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла рашэньне прызнаць Галадамор 1932-33 гадоў генацыдам украінскага народу. Тады ў выніку сталінскае палітыкі загінула ад голаду некалькі мільёнаў украінцаў, а плыні ўцекачоў дасягнулі Беларусі. Нягледзячы на супраціў камуністаў і прарасейскіх фракцый, пастанова прайшла 233 галасамі "за" ў варыянце, прапанаваным прэзыдэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам з папраўкамі лідэра сацыялістаў, сьпікера парлямэнту Аляксандар Мароза. Расея засьцерагала Ўкраіну ад прыняцьця такога рашэньня. Масква прэтэндуе на савецкую спадчыну і хоча, каб яна глядзелася харошай.

Увесь час саміту беларуская сталіца задыхаецца ў заторах. Праезд ад стадыёну "Дынама" да плошчы Зьмітрака Бядулі забраў нашаму карэспандэнту 45 хвілінаў.

Цэнтар Менску ператварыўся ў суцэльны корак. Чэргі машын стаяць, дакуль бачыць вока. Аўтамабілісты перастаюць зважаць на правілы, перакрываюць скрыжаваньні, едуць на чырвонае, становяцца на пераходах, чым яшчэ больш ускладняюць сытуацыю. У заторах стаіць ня толькі аўтатранспарт, але і трамваі. Грамадзкі транспарт перапоўнены і таксама безнадзейна зьбіўся з графіку.

Багата людзей ідуць дахаты пешкі, нават у спальныя раёны:

«У 15.30 на вакзале тварылася немаведама што!!!, – абурана піша блогер Ingi ў суполцы minsk_by. – Тралейбусы колам стаяць… натоўпы народу… машыны… Давялося ў Серабранку адправіцца пехам… за гадзіну дайшоў дахаты…»

Акрамя таго, каля 17-й перакрылі перасадачны вузел мэтрапалітэну «Кастрычніцкая – Купалаўская» і Кастрычніцкую плошчу ад вуліцы Янкі Купалы і ўвесь народ хлынуў на суседнія станцыі. Рэч у тым, што на Кастрычніцкай плошчы сёньня а 19-й мелася адбыцца акцыя салідарнасьці з палітзьняволенымі. Акцыю разагнала міліцыя ад самага яе пачатку.

Са словаў Насты Палажанкі, маладзёны ўзяліся за рукі, каб утварыць ланцуг. Акцыя доўжылася літаральна некалькі хвілінаў. Пасьля чаго зьявіліся байцы АМОНу, якія пачалі вырываць людзей з ланцугу і кідаць на прыступкі падземнага пераходу. Палажанка кажа, што даўно не сутыкалася з такой жорсткасьцю з боку праваахоўных органаў.

Расейская gazeta.ru назвала аўторкавы саміт СНДу Менску самым правальным за гісторыю Садружнасьці.

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?