Аляксандр Мілінкевіч бярэ ўдзел у саміце Паўночна-атлянтычнага альянсу, які праходзіць 27-29 лістапада ў Рызе. У Мілінкевіча запланаваныя сустрэчы з палітолагамі і эканамічнымі экспертамі Еўропы, ЗША і Канады.

– Я ўжо з шэрагам экспертаў сустрэўся. Гэта надзвычай важныя сустрэчы, таму што многа ідзе размоваў пра Беларусь. Цікавасць да нашай краіны не спадае, і гэта нам дае вялікую перспектыву, – распавёў Аляксандр Мілінкевіч.

Цягам трох дзён Аляксандр Мілінкевіч будзе праводзіць двухбаковыя сустрэчы, а таксама возьме ўдзел у вялікай канферэнцыі, падчас якой будзе абмяркоўвацца роля NATO ў стварэнні сістэмы бяспекі ў свеце. Спадар Мілінкевіч таксама збіраецца выступіць на розных канфэрэнцыях, дзе будзе абмяркоўвацца беларускае пытанне. Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў лічыць вельмі важным удзел у саміце NATO:

– Наша прапаганда ўвесь час стварае з еўрапейскіх структураў, і NATO ў тым ліку, ворага. Я так не лічу. NATO – гэта гарант бяспекі, найперш у Еўропе. І таму я лічу, што нам трэба рыхтаваць сябе да будучага супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй. І мы будзем так рабіць. І вельмі важныя асабістыя кантакты. Бо Беларусь – еўрапейская краіна, і ў яе ёсць еўрапейская будучыня. І без такой падрыхтоўкі мы потым страцім шмат часу, калі станем вольнай краінай.

На саміце дзяржавы–сябры NATOабмяркуюць тэмы, якія тычацца працэсаў пераўтварэнняў, што адбываюцца ў свеце. Адной з галоўных тэмаў саміту стане пашырэнне і ўзмацненне дачыненняў паміж краінамі–сябрамі NATO і дзяржавамі, якія не ўваходзяць ў альянс.

У саміце ўдзельнічаюць дзевяць прэзідэнтаў і пятнаццаць прэм’ер–міністраў. Сярод гасцей – былы памочнік прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Збігнеў Бжэзінскі, былы мэр Нью–Ёрку Рудольф Джуліяні, спікер парламэнту Грузіі Ніно Бурджанадзэ.

Аляксандр Мілінкевіч бярэ ўдзел у саміце NATO на асабістае запрашэнне прэзідэнта Латвіі Вайры Віке–Фрэйбэргі. Ад Беларусі ў ім таксама ўдзельнічаюць палітыкі і праваабаронцы Андрэй Саннікаў, Ірына Красоўская і Міхаіл Марыніч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?