Сойм Партыі БНФ лічыць «палітычна безадказным» рашэнне некаторых сваіх членаў аб выхадзе з партыі. Пра гэта гаворыцца ў спецыяльнай заяве, прынятай 12 лютага на пасяджэнні сойма.

На думку членаў сойма, гэтае рашэнне «аб’ектыўна садзейнічае аслабленню нацыянальна-дэмакратычных сіл Беларусі». Разам з тым падкрэсліваецца, што большая частка тых, хто падпісаў заяву аб выхадзе з партыі, у апошнія гады не бралі ўдзелу ў партыйным жыцці. «Яны свядома адмовіліся ад удзелу ва ўсіх партыйных кампаніях, што праводзіліся на працягу апошніх паўтара гадоў: кампаніі аўтарэферэндуму, выбарчай кампаніі 2010 года, кампаніі па зборы паручыцельстваў у падтрымку палітзняволеных», — гаворыцца ў дакуменце.

Сойм Партыі БНФ падкрэслівае, што пераважная большасць членаў арганізацыі актыўна працавалі на працягу апошніх гадоў. «Гэта азначае, што Партыя БНФ застаецца сілай, адзінства якой грунтуецца на агульных ідэйных перакананнях, а не на прыхільнасцях да канкрэтных асоб», — зазначаецца ў заяве.

Сойм Партыі БНФ таксама раіць падпісантам заявы аб выхадзе з партыі «вярнуцца ў яе шэрагі і зрабіць свой унёсак у пабудову свабоднай Беларусі».

Падчас пасяджэння сойма старшыня Партыі БНФ

Аляксей Янукевіч адхіліў абвінавачанні ў тым, што партыя здрадзіла сваім каштоўнасцям.
«Мне было дзіўна чуць пра каштоўнасці ад асоб, якія працавалі на кандыдата ў прэзідэнты, які падчас сваёй выбарчай кампаніі выказваў удзячнасць прэзідэнту Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву за дапамогу дэмакратызацыі Беларусі», — сказаў ён.

Як раней паведамляў БелаПАН, 10 лютага была абнародавана заява, у якой 86 членаў Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ паведамілі аб сваім выхадзе з партыі.

«Вопыт партыйнага жыцця пасля з’езда 2009 года і асабліва вынікі апошняй прэзідэнцкай кампаніі канчаткова пераканалі нас, што палітыка цяперашняга кіраўніцтва Партыі БНФ не адпавядае выклікам сучаснасці, супярэчыць самому духу нацыянальнай дэмакратыі, свабоды, маральнасці і прынцыповасці, з якім атаясамліваецца Беларускі народны фронт з дня яго заснавання ў 1988 годзе», — гаворыцца ў заяве.

Сярод падпісантаў такія вядомыя палітыкі, як Лявон Баршчэўскі, Юрый Хадыка, Галіна Сямдзянава, Алесь Марачкін і іншыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?