Малады Фронт у другі раз уручыў прэмію за любоў да Беларусі. Але пераможцы ў намінацыях засталіся без сімвалічных статуэтак, бо іх сканфіскавалі супрацоўнікі КДБ.

Вядоўцамі імпрэзы былі сябры Маладога Фронту.

За некалькі гадзін да пачатку прэміі супрацоўнікі КДБ сканфіскавалі статуэткі, таму адзінай узнагародай сталіся памятныя дыпломы.

У зале сабраліся моладзь і паважаныя госці.

Намінанты і намінацыі.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі заслужыў прызнанне сваёй штодзённай працай па абароне вязняў.

Блогер Яўген Ліпковіч прынёс на цырымонію дызайнерскую саколку.

За некалькі гадзін да ўручэння прэміі «Люблю Беларусь» стала вядома, што супрацоўнікі КДБ сканфіскавалі ў навучэнца мастацкай вучэльні «Глебаўкі» 8 статуэтак-узнагарод, якія прызначаліся для пераможцаў прэміі. 4 супрацоўнікі КДБ проста прыйшлі да маладога чалавека ў кватэру і без складання пратаколу забралі статуэткі.

Напачатку імпрэзы, якая адбылася на Сядзібе БНФ, арганізатары прэміі паабяцалі, што статуэткі ўзновяць. Адсутнічалі, аднак, не толькі статуэткі, але і большасць пераможцаў. Частка іх сядзіць у турме, другая — неўязныя. Дый арганізатары ўручэння прэміі не ўсе засталіся на свабодзе. Такая гэта было сёлета прэмія, са слязамі на вачах.

У васьмі намінацыях на прэмію было вылучана 39 кандыдатаў — ад асобаў да фестываляў.
Намінантамі і пераможцамі прэміі «Люблю Беларусь» у 2011 годзе сталі:
«Беларусізацыя»

У гэтым годзе ў галіне папулярызацыі беларускай мовы і культуры намінаваліся:

стваральнік беларуска-расійскага кампутарнага перакладчыка «Белазар» Алег Азароўскі,

Беларуская Вікіпэдыя,

старшыня Гродзенскага аблвыканкама Сямён Шапіра за ўкараненне беларускай мовы ў справаводства дзяржаўнай установы,

першы фестываль беларускай рэкламы «Аднак»;

галоўны рэдактар газеты «Звязда» Уладзімір Наркевіч.

Пераможцам быў абвешчаны праект Беларуская Вікіпедыя.

«Pro-Belarus»

З замежнікаў, што спрычыніліся да папулярызацыі Беларусі ў свеце, у гэтым годзе намінантамі сталі:

Марыя Содэрберг — кіраўнічка беларускай суполкі ў Швецыі за кароткаметражную стужку «49»,

музычны фестываль «Білоруська весна» які праходзіў ва Ўкраіне,

Аляксей Арцёмаў — грамадзянін Расіі, які піша вершы на беларускай мове,

Том Стопард — брытанскі драматург,

арганізатары фестывалю «Be2gether».

Пераможцам была названа Марыя Содэрберг. Арганізатары пажартавалі, што ў цяперашніх умовах яе зяўленне ў Беларусі малаімавернае.

«Журналістыка»

За прафесійныя дасягненні ў беларускай журналістыцы намінаваліся:

Зміцер Лукашук — журналіст Еўрапейскага радыё для Беларусі,;

супольнасць незалежных журналістаў,

Таццяна Елавая — блогерка, што актыўна распаўсюджвала інфармацыю ў блогах і сацыяльных сетках аб падзеях 19 снежня,

Сяргей Дарафееў — вядоўца ток-шоў «Выбар» на канале АНТ,

Віктар Малішэўскі — журналіст і аналітык;

Тут пераможцамі стаў Зміцер Лукашук за вострыя пытанні Аляксандру Лукашэнка аб лёсе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

«Культура»

Намінантамі ў галіне культуры былі:

Валер Булгакаў — выдавец часопіса «Arche»,

Рэдакцыя тэлеканала «Белсат»,

«У нескладовае» — музычны праект,

Лявон Вольскі — лідар гурту «NRM»,

беларускія ўдзельнікі акцыі «З табурэтам да акіяна».

Пераможцам быў абвешчаны Лявон Вольскі.

«Палітыка»

За дасягненні ў беларускай палітычнай сферы намінантамі 2011 года сталі:

Уладзімір Някляеў — кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010,

Яўген Ліпковіч — вядомы блогер,

Наста Палажанка — лідарка моладзевага руху ў Беларусі,

Мікалай Статкевіч — кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010,

Алесь Міхалевіч — кандыдат у прэзідэнты на выбарах-2010.

З пяці герояў гэтай намінацыі ў дадзены момант у турме ці пад хатнім арыштам знаходзяцца чатыры. Пераможцам у ёй абвесцілі Уладзіміра Някляева. Прысутны на імпрэзе Яўген Ліпковіч зрабіў кароткую прамову з пажаданнямі хутчэйшага вяртання палітвязняў на волю, а таксама публічна прадставіў свой падарунак для Насты Палажанкі. Блогер падарыў ёй сваю дызайнерскую саколку «ШОС» і паспадзяваўся, што ўжо на 8 Сакавіка Палажанка яе дакладна атрымае.

«Спорт»

Намінанты сярод беларускіх спартоўцаў за ўнёсак у грамадскую чыннасць і культуру:

Антон Пуціла — паўабаронца зборнай Беларусі па футболе,

Максім Мірны — тэнісіст і бізнесмэн,

Віталь Гуркоў — беларускамоўны чэмпіён свету па тайскім боксе,

Андрэй Караленка — 74-гадовы аматар бегу, на спартовай форме якога заўсёды ёсць месца нацыянальным сімвалам.

Пераможцам быў абвешчаны Віталь Гуркоў.

«Змагар года»

Асобамі, што смела і прынцыпова абаранялі дэмакратыю і правы чалавека, сталі:

Мікалай Аўтуховіч — ваўкавыскі прадпрымальнік,

удзельнікі Плошчы,

палітвязні з Плошчы,

Барыс Хамайда — распаўсюднік незалежнай прэсы,

Мікалай Казлоў — падпалкоўнік міліцыі які абнародаваў фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў 2008 году.

Як заявілі арганізатары прэміі, адзінагалосна было вырашана ў гэтай намінацыі ўзнагародзіць палітвязняў з Плошчы. Памятны дыплом за ўсіх ахвяраў падзей 19 сакавіка прымалі праваабаронцы.

«Грамадская чыннасць»

Намінантамі тут сталі наступныя людзі і грамадзкія ініцыятывы, што спрычыніліся да вырашэння актуальных праблемаў беларускага грамадзтва:

«Стоп-бензін» — кампанія аўтааматараў супраць падвышэння цэнаў на бензін,

Хельсінскі камітэт і «Вясна» — праваабарончыя арганізацыі,

«Сыходзь» — грамадская ініцыятыва,

Даша Каткоўская — арганізатарка дапамогі затрыманым і арыштаваным на Плошчы-2010,

«Абаронім лес» — кампанія супраць вырубкі лесапаркавых зон у Салігорску.

Ад імя БХК і «Вясны» — пераможцаў — дыплом атрымаў Алесь Бяляцкі.

На заканчэнне імпрэзы прысутныя паслухалі выступ Таццяны Беланогай і працягнулі абмеркаванне ўзнагарод у нефармальнай абстаноўцы.

Нагадаем, што пераможцамі 2010 году былі: у намінацыі «беларусізацыя» — кампанія «Будзьма», «Pro-Belarus» — пасол Швецыі Стэфан Эрыксан, «журналістыка» — газета «Наша Ніва», «культура» — Мікалай Халезін і «Свабодны тэатр», «палітыка» — старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, «грамадская чыннасць» — Міхаіл Пашкевіч за стварэнне кампаніі «За альтэрнатыўную службу», «спорт» — фанацкая ініцыятыва па аднаўленні футбольнага клуба «Тарпеда», «змагар года» — палітвязень Арцём Дубскі, які ў той час адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі.

* * *

«Каго любіш?» — «Люблю Беларусь!» — «Дык узаемна!» — гэта быў пароль і водгук паўстанцаў Каліноўскага.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру