У нядзелю 13 лютага ў Горадні адбылося надзвычайнае паседжаньне Галоўнай рады апазыцыйнага Саюзу палякаў. Галоўным пытаньнем было затрыманьне і арышт Андрэя Пачобута — старшыні Галоўнай рады арганізацыі.

Рада прыняла зварот да прэзыдэнта Польшчы Браніслава Камароўскага, яго просяць паспрыяць таму, каб сытуацыя вакол Саюзу палякаў не пагаршалася, каб, па магчымасьці, выпусьцілі А. Пачобута, каб спыніліся рэпрэсіі адносна іншых сябраў і супраць самой арганізацыі.

Андрэй Пачобут зьяўляецца карэспандэнтам «Gazety Wyborczej». 11 лютага яго пасадзілі на пятнаццаць сутак нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пратэсьце ў Менску 19 сьнежня, дзе ён прысутнічаў у якасьці журналіста. Справа ў Кастрычніцкім судзе Менску разглядалася двойчы. Першым разам журналіста аштрафавалі на 1 мільён 750 тысяч рублёў. Аднак гэты прысуд не задаволіў Кастрычніцкую раённую пракуратуру, і справа была накіравана на новы разгляд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?