Своеасаблівае пасланьне саміту СНД прыйшло сёньня з Кіева. Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла рашэньне прызнаць Галадамор 1932-33 гадоў генацыдам украінскага народу. Тады ў выніку сталінскае палітыкі загінула ад голаду некалькі мільёнаў украінцаў, а плыні ўцекачоў дасягнулі Беларусі.
Нягледзячы на супраціў камуністаў і прарасейскіх фракцый, пастанова прайшла 233 галасамі «за» ў варыянце, прапанаваным прэзыдэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам з папраўкамі лідэра сацыялістаў, сьпікера парлямэнту Аляксандар Мароза.
Расея засьцерагала Ўкраіну ад прыняцьця такога рашэньня. Масква прэтэндуе на савецкую спадчыну і хоча, каб яна глядзелася харошай.