У Рызе праходзіць саміт кіраўнікоў краінаў НАТО. На ім прысутнічаюць лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч, палітыкі й праваабаронцы Андрэй Саньнікаў, Ірына Красоўская й Міхаіл Марыніч.

Беларускія госьці сустрэліся з экспэртамі з розных краінаў. У Аляксандра Мілінкевіча на сёньня была заплянаваная, у прыватнасьці, сустрэча зь вядомым амэрыканскім палітолягам, былым памочнікам прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Зьбігневам Бжэзінскім.

Рыская праграма беларускіх гасьцей саміту кіраўнікоў краінаў НАТО вельмі насычаная. Двухбаковыя сустрэчы з эўрапейскімі й паўночнаамэрыканскімі палітолягамі й эканамічнымі экспэртамі, удзел у канфэрэнцыях, выступы й прыёмы. Вось што распавяла Радыё Свабода госьця зь Беларусі, праваабаронца Ірына Красоўская:

(Красоўская: ) «Мы правялі шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі розных краінаў – з ЗША, Францыі, Нямеччыны, Латвіі, Літвы, Эстоніі ды іншых краінаў. Таксама плянуецца сустрэча Зьбігнева Бжэзінскага з Аляксандрам Мілінкевічам. Мы таксама мелі вельмі шмат дыскусіяў і размоваў пра Беларусь і пра дэмакратыю ў Беларусі з прадстаўнікамі Расеі, Украіны й Грузіі. Цяпер мы накіроўваемся ў Рыскі ўнівэрсытэт, дзе адбудзецца прамова прэзыдэнта Буша. Пасьля будзе вялікі канцэрт у тэатры».

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі сёньня ўдзельнічаў у канфэрэнцыі «Трансфармацыя НАТО ва ўмовах новай эпохі глябалізацыі» ды правёў шэраг сустрэчаў з прадстаўнікамі розных краінаў Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Ірына Красоўская адзначае вялкую ступень зацікаўленасьці ўдзельнікаў саміту праблемай Беларусі:

(Красоўская: ) «Сустрэчы важныя. На канфэрэнцыі такога ўзроўню мы маем магчымасьць яшчэ раз узьняць пытаньне Беларусі на такім узроўні».

(Карэспандэнт: ) «А Беларусьсю цікавяцца?»

(Красоўская: ) «Так, вельмі цікавяцца, і гэтае пытаньне заўсёды стаіць на парадку дня».

У прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі наперадзе яшчэ шэраг сустрэчаў. Саміт НАТО скончыцца 29 лістапада. На заўтра заплянаваная галоўная сэсія мерапрыемства, у якой возьмуць удзел кіраўнікі 26 дзяржаваў, што ўваходзяць у альянс, – перадае Радыё Свабода

Сёння лідэр аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч сустрэўся і з прэзідэнтам ЗША Джорджам Бушам, – паведамляе сайт Аляксандра Мілінкевіча. Аляксандр Мілінкевіч і Джордж Буш абмеркавалі палітычную сітуацыю ў Беларусі, праблемы правоў чалавека ў краіне, а таксама вызваленне з турмаў палітзняволеных беларускага рэжыму. Падчас размовы амерыканскі прэзідэнт са свайго боку выказаў падтрымку аб’яднаным дэмакратычным сілам Беларусі і спадзеў на хутчэйшую дэмакратызацыю краіны. «Нашае бачанне цэласнай свабоднай і мірнай Еўропы ўключае Беларусь». «Мы разам з беларускім народам у яго барацьбе за свабоду», – перадае словы прэзідэнта ЗША Хартыя’97.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0