Расійская дзяржаўная карпарацыя «Растэхналогіі» накіравала кіраўніцтву Беларусі ліст з прапановай аб’яднаць найбуйнейшага расійскага вытворцу грузавых аўтамабіляў — ААТ «КАМАЗ» — і Мінскі аўтамабільны завод (ААТ «МАЗ») у адну кампанію.
Згодна з прапановай, у выніку КАМАЗ будзе валодаць 100% акцый МАЗа, а ўлады Беларусі будуць мець пакет акцый у КАМАЗе, паведаміў РІА Новости кіраўнік «Растэхналогій» Сяргей Чэмезаў.
Паводле яго слоў, мяркуецца правесці дадатковую эмісію акцый КАМАЗа. Затым улады Беларусі атрымаюць у акцыянерным капітале КАМАЗа пакет акцый у абмен на 100% акцый МАЗа. Чэмезаў дадаў, што наўрад ці гэта будзе блакуючы пакет. Усё будзе залежаць ад таго, у якую суму будзе ацэнены МАЗ. Расійскі бок пакуль ацэнку не праводзіў.
Чэмезаў таксама зазначыў, што акцыянеры КАМАЗа Daimler і ЕБРР не супраць такога аб’яднання.