У 2011 годзе Беларусь плануе атрымаць ураджай у 10 млн. тон зерня. Пра гэта паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы 15 лютага на пасяджэнні прэзідыума Саўміна па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу і правядзення веснавой сяўбы.

Міністр зазначыў, што ў 2011 годзе АПК уступае ў новы інавацыйны этап развіцця. Ён нагадаў, што перад галіной пастаўлены «напружаныя задачы», распрацавана стратэгія і тактыка развіцця АПК, прынята 18 галіновых праграм, у якіх распісаны ўсе падыходы па працы прадпрыемстваў.

У 2011 годзе перад АПК пастаўлена задача дасягнуць рэнтабельнасці продажу на ўзроўні 6–8%, павысіць прадукцыйнасць працы на 9–10%, знізіць металаёмістасць прадукцыі на 1,1%.

Для забеспячэння гэтых параметраў, паводле слоў Русага, неабходна вырабіць не менш як 10 млн. тон зерня, 7,5 млн. тон бульбы, 4,2 млн. тон цукровых буракоў, 60 тыс. тон ільновалакна, 870 тыс. тон масланасення рапсу. Таксама плануецца атрымаць больш як 2 млн. тон агародніны і нарыхтаваць травяных кармоў больш як 6,5 млн. тон кармавых адзінак.

Русы падкрэсліў, што статыстычныя даныя студзеня 2011 года «паказваюць станоўчую дынаміку развіцця галіны»: пры плануемым тэмпе вытворчасці сельгаспрадукцыі 104,8% фактычна забяспечаны тэмп 106,1%.

У межах праграмы развіцця АПК таксама ідзе праца па будаўніцтве і рэканструкцыі аб’ектаў.

Паводле слоў Русага, у 2011 годзе намячаецца будаўніцтва 72 комплексаў, паэтапная рэканструкцыя і тэхнічнае перааснашчэнне 102 комплексаў па вытворчасці свініны, мадэрнізацыя 236 і будаўніцтва 76 новых малочнатаварных ферм. Пачата рэканструкцыя і мадэрнізацыя сховішчаў для агародніны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?