У Магілёве актывістка аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Шамбалава пастаўлена на прафілактычны ўлік у КДБ.

Як паведаміла Шамбалава, учора позвай пад роспіс яна была выклікана на прафілактычную гутарку ва УКДБ па Магілёўскай вобласці. «Пытанні падчас гутаркі, якую вёў следчы Андрэй Махуноў,

тычыліся практычна ўсяго — жыцця, беларускай мовы, маёй вучобы ва ўніверсітэце імя Мікалая Каперніка ў Торуні,

— сказала Шамбалава. — Але галоўная мэта размовы — паведаміць, што з 9 лютага начальнік УКДБ па Магілёўскай вобласці Ігар Сяргеенка паставіў мяне на прафілактычны ўлік».

Шамбалавай уручана афіцыйнае папярэджанне за дзейнасць у складзе не зарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Мінску 19 снежня 2010 года, што, на думку супрацоўнікаў КДБ, можа прывесці да ўчынення злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 193–1 і 293 КК.

«Я спрабавала растлумачыць, што існуе арганізацыйны камітэт і людзі маюць права збірацца і праводзіць мерапрыемствы па падрыхтоўцы да правядзення ўстаноўчага з’езда, каб стварыць партыю», — сказала Шамбалава. Яна таксама адзначыла, што падчас гутаркі з Махуновым у кабінеце прысутнічаў яшчэ адзін чалавек, які адмовіўся назвацца. Уся размова доўжылася каля паўтары гадзіны і праходзіла ў ветлівай форме.

У КДБ Шамбалава прыйшла са сваім прадстаўніком, праваабаронцам Барысам Бухелем, аднак ён не быў дапушчаны на гутарку. «Згодна з КПК мы не маглі настойваць на прысутнасці прадстаўніка», — патлумачыў Бухель. Паводле яго слоў, папярэджанне будзе абскарджана.

Нагадаем, удзельніца падзей 19 снежня ў Мінску Таццяна Шамбалава, з’яўляючыся даверанай асобай Віталя Рымашэўскага, была асуджана Заводскім судом Мінска на 10 сутак арышту па ч. 1 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства).

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?