Праз паўтара году пасьля крывавых пасьлявыбарных пратэстаў у Іране, справы прэзыдэнта гэтай краіны выглядаюць ня лепшым чынам. Апазыцыя Ахмадзінэжаду ператварылася ў масавы ўстойлівы рух, які ня гасьне. І гэта нягледзячы на многія дзясяткі чалавечых ахвяраў падчас дэманстрацыяў, лютае абыходжаньне з боку сілавых структураў, а таксама буйнамаштабны наступ на апазыцыйныя арганізацыі. Асаблівасьцю іранскай палітычнай культуры ў найноўшы час якраз і зьяўляюцца такія расьцягнутыя ў часе палітычныя пратэсты.

Спаліць краіну, каб скінуць дыктатара?

Трываласьць іранскае апазыцыі ў чарговы раз паказалі пазаўчорашнія падзеі 14 лютага. Урад дэманстратыўна заставіў увесь цэнтар сталіцы невераемнай колькасьцю паліцэйскіх і ваенізаваных фармаваньняў, аднак гэта не перашкодзіла людзям сабрацца ды ператварыць колькікілямэтровы адрэзак паміж плошчамі Рэвалюцыі і Свабоды ў асьветленае вогнішчамі поле сутычак з сіламі рэжыма. У адрозьненьне ад Беларусі, тут з абодвух бакоў людзі асабліва сябе ў гвалце ня стрымлівалі, вынік – двое забітых дэманстрантаў.

Напал процістаяньня надзвычай высокі. Вядзецца яно абодвума бакамі не ў палітычнай плашчыні, а ў маральнай, у катэгорыях «дабра» і «зла».

Спрошчана гэта выглядае так. Ахмадзінэжад і яго палітычны табар цьвердзяць, што яны маюць, так бы мовіць, «даверанасьць» ад Бога на кіраваньне краем, бо гэта ня проста Ісламская Рэспубліка Іран, а «праўленьне Імама Часу» (мэсіі). Іх апанэнты адказваюць, што Бог у кожнага свой, таму ніякіх даверанасьцяў быць ня можа.

Пасьля падзеньня туніскага ды эгіпецкага рэжымаў, а таксама пачатку хваляваньняў у іншых арабскіх краінах іранскія праўрадавыя СМІ віталі гэтыя падзеі ды спрабавалі параўноўваць эгіпецкую рэвалюцыю з іранскай 1979 году. Аднак у цэлым рэжым адчуў пагрозу для сябе ад гэтае хвалі на Блізкім Усходзе, і сьведчаньнем таму сталі масавыя паліцэйскія апэрацыі ня толькі 14-га, але і назаўтрага, 15 лютага. Мусаві і Кярубі, дарэчы, таксама абвесьцілі акцыю 14-га зусім ня ў гонар сьвятога Валянціна, а ў знак салідарнасьці з эгіпцянамі. У выніку да традыцыйных лёзунгаў «Далоў дыктатара», «Далоў Хамэнэі», дадалі больш іранічна-рыфмаваны «Мубарак, Зэйнабэдзін бэн Алі, цяпер чарга Сэйеда Алі!» (Сэйед Алі – імя правадыра краіны аяталы Хамэнэі.

Разам з тым, апошняя дэманстрацыя сваім радыкалізмам (і накіраванасьцю супраць правадыра, а не прэзыдэнта), напалохала і шматлікія элемэнты далёка не згуртаванага і не абмежаванага толькі прэзыдэнтам (як у Беларусі) іранскага рэжыму, якія былі б, праўдападобна, ня супраць дамовіцца з умеркаванай апазыцыяй – пагатоў, што амаль ўсе вядомыя апазыцыянэры зусім нядаўна займалі значныя пасады ў іранскай дзяржаве. То бок супраць Ахмадзінэжада і яго стылю кіраваньня выступае шмат больш людзей, чым дамагаецца змянення палітычнага ладу ў краіне. Ня дзіва, што ў аўторак у іранскім парламенце гучна патрабавалі разабрацца з арганізатарамі беспарадкаў, бо тыя палохаюць уладу сваёй стыхійнай гвалтоўнасьцю і імпэтам.

Як Ахмадзінэжад раззлаваў іранцаў...

Менавіта

радыкалізацыя пратэстаў і можа перашкодзіць зьмене ўлады, для якой ёсьць пэўныя перадумовы.
Справа ў тым, што на сёньня Ахмадзінэжад страціў велізарную частку падтрымкі, якую меў яшчэ пазалетась, горш за тое, настроіў супраць сябе многіх, хто раней нэўтральна да яго ставіўся. Часткова гэта адбылося з-за нахабнага пагарджаньня нормамі і традыцыямі іранскай палітычнай сцэны, якое дэманстраваў і сам прэзыдэнт, і яго памагатыя.

Урад працаваў мала пільнуючыся законаў ды хаваючы статыстыку, міністры дзёрзка ігнаравалі зусім не бяссільны іранскі парлямэнт (нарываючыся на імпічмэнты), а чальцы адміністрацыі раз-пораз дазвалялі сабе фрывольнасьці, якія проста разьюшвалі рэлігійны істэблішмэнт. Апроч таго, паўстала пытаньне аб прынцыповасьці самога прэзыдэнта.

Анягож, калі напачатку ён трымаўся прасьцяцкага стылю, нязьменна апранаючы куртку ўзору ісламскіх рэвалюцыянэраў 1980-х ды мог зьявіцца на публіцы зь нячышчанымі чаравікамі, дык зараз фарсіць у строі, дазваляе шчодра – аж да бляску – намазваць сябе касмэтыкай перад тэлевыступамі ды прымае замежных госьцяў ля маўзалея некалі затаўраванага Ісламскай рэвалюцыяй старажытнапэрсыдзкага цара.

На гэтым тле ішлі больш глыбінныя зрухі, якія ўвогуле зрабілі іранскага прэзыдэнта закладнікам сытуацыі. Справа ў тым, што прыйшоў ён да ўлады (першапачаткова сумленна) пры падтрымцы сваіх старых паплечнікаў з Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі (паралельная войску вайсковая структура, створаная некалі яму ў процівагу, каб перадухіліць надта верагодны тады вайсковы пераварот). То бок, апынуўшыся ля ўлады, Ахмадзінэжад мусіў аглядацца на іх ды пільнаваць іх інтарэсаў, прычым што далей, то болей, бо апазыцыя яму нарастала.

Нарастала, бо нуварышы-чальцы Корпуса, гонячыся за прагматычнымі ўласнымі інтарэсамі, ня толькі раззлавалі стары істэблішмэнт – чальцоў кіроўнай эліты і іх дзяцей-бізнэсоўцаў, якія сутыкнуліся з новымі супернікамі ў сваіх часта сумнеўных гешэфтох. Яны разгарнулі жвавы бізнэс з краінамі Далёкага Ўсходу, перш за ўсё з Кітаем, але таксама і з Паўднёвай Карэяй. Гэта спрычынілася да таго, што

іранскі рынак захлынуўся ў ня надта якасных, затое танных кітайскіх вырабох, іншыя маштабныя праекты – накшталт пашырэньня чыгункі – Корпус таксама ажыцьцяўляе з прыцягненьнем кітайцаў.

Гэта было ўдарам фактычна па ўсім грамадзтве. Дзеці старога істэблішмэнту апынуліся без звыклага для іх лёгкага бізнэсу і кантрактаў, раздаваных «паміж сваімі», славуты іранскі «базар» - супольнасць гандляроў ды рамесьнікаў – сутыкнуўся з пагрозай поўнай маргіналізацыі, а прадпрыемствы пачалі згортваць і спыняць сваю працу, папаўняючы шэрагі беспрацоўных.

Статыстыка па беспрацоўі за апошнія колькі месяцаў не друкуецца, але днямі высьветлілася, што ў цэнтральнай правінцыі Фарс яго ровень склаў амаль 25%. Заехаўшы ж днямі ў сталіцу правінцыі Кашан я зьдзівіўся зачыненай вялікай ткацкай фабрыцы – бо места якраз і вядомае сваім ткацтвам. Мясцовыя жыхары патлумачылі, што і гэтая фабрыка зь яе вядомым на іранскім рынку брэндам не дала рады таннай кітайскай прадукцыі.

Яшчэ адным масавым расчараваньнем стала тое, што пасьля гучных лёзунгаў дапамогі бедным пластам грамадзтва, на хвалі якіх Ахмадзінэжад прыйшоў да ўлады, ягоны ўрад на справе пачаў праводзіць процілеглую палітыку скасаваньня субсыдыяў на ўсё. У выніку цэны на ўсе тавары ў Іране за часы яго кіраваньня вырасьлі ў разы. Гэтымі днямі тэгеранцы абмяркоўваць абвешчаную магчымасьць падаражэньня кошту праезду ў мэтро да прыкладна 3 000 нашых рублёў за паездку! Злыя языкі кажуць, што ўся справа ў тым, што ўраду патрэбныя крэдыты Сусьветнага банку, якіх не дадуць, пакуль ня будзе праведзеная рэструктурызацыя ўрадавых выдаткаў. Карацей, барацьба з заходнім імпэрыялізмам скончылася яшчэ ў 1990-х. Нездарма Ахмадзінэжад напісаў ліст амэрыканскаму прэзыдэнту – нечуваная да таго рэч ў палітыцы ісламскай рэспублікі.

...і замежнікаў

Зрэшты, за часы цяперашняга прэзыдэнта ў Ірана пабольшала праблемаў і ў міжнароднай плашчыні. Віной таму ня толькі выказваньні Ахмадзінэжада, але і структурныя зьмены. Чальцы Корпусу і іх набліжаныя пераарыентаваўшы іранскі гандаль на Кітай ды іншыя далёкаўсходнія краіны, фактычна не пакінулі месца для ранейшых сувязяў з Захадам, якія некалі плённа існавалі ў 1990-х і 2000-х гадох ды курыраваліся ранейшым істэблішмэнтам. У выніку згорнутыя некалі гучныя нафтавыя ды аўтамабільныя праекты з заходнім удзелам, скарацілася доля заходніх краін у іранскім гандлі. Энэргічна распрацоўваюцца праекты пабудовы нафты і газаправодаў ва ўсходнім напрамку, каб адарваць краіну ад заходніх рынкаў.

Між тым

эўрапейцы мелі ў Іране значныя эканамічныя інтарэсы і ўсе гэтыя гады менавіта яны не дазвалялі амэрыканцам увесьці больш жорсткія санкцыі. Што ж тады зьдзіўляцца, што эўрапейскія краіны, страціўшы іранскі рынак, не супраціўляюцца ўжо як некалі санкцыям супраць Ірана ў Радзе Бясьпекі ААН?

Сытуацыю абвастрае і вайсковая палітыка Тэгерана. Перасьледуючы свае збольшага апраўданыя інтарэсы ў рэгіёне, цяперашні ўрад у выбары сродкаў паўтарае рызыкоўную палітыку нябожчыка-шага, зрынутага ў 1979 годзе. Той быў вырашыў, што «сіла ў зброі», а таму нарошчваў вайсковую магутнасьць і палохаў арабаў, асабліва прасавецкіх. Вынікам была канфрантацыя і таемная, а пасьля адкрытая ірана-ірацкая вайна. Дарэчы, шмат у чым дзякуючы менавіта той канфрантацыі аятала Хамэйні і змог зьдзейсьніць Ісламскую рэвалюцыі, бо Ірак ахвотна карыстаўся іранскай апазыцыяй шагскаму рэжыму ў 1960-1970-х гадох, а Хамэйні жыў тады ў Іраку рыхтык як той Беразоўскі ў Брытаніі.

Сёньняшнія іранскія кіраўнікі робяць тое самае, ствараючы ўсё больш магутную зброю – запускаючы ўсё новыя і новыя ракеты дый бразгаючы, хутчэй за ўсё няіснай, атамнай бомбай. Баяцца, ясная справа, і Захад, і арабскія суседзі, і нават Расея.

Гуляючыся фальшывымі ракетамі (здаралася, што здымкі з выпрабаваньняў аказваліся проста створанымі ў «Фоташопе»), тэгеранскія ўладары рызыкуюць прычакаць рэальных амэрыканскіх ці ізраільскіх на сваю галаву,
прытым арабы ня толькі ня будуць таму перашкаджаць, але бадай што і паспрыяюць, як тое паказалі нядаўнія публікацыі зь Вікілікс.
Іранскаму рэжыму пасьля 1979 году ня раз прадракалі скон. Аднак яго выразная неаднароднасць – калі розныя арганізацыі і цэлыя галіны ўлады кантралююцца рознымі палітычнымі групоўкамі, а палітычныя эліты спаборнічаюць на выбарах, хай сабе і ў рамках пэўнай мадэлі, дазволілі ісламскай рэспубліцы разьвівацца і захоўваць пэўную прастору для плюралізму.
Нават ва ўрадзе Ахмадзінэжада міністэрствы адкрыта спрачаюцца міжсобку, ня кажучы ўжо пра няспынную крытыку выканаўчай улады з боку іншых галінаў улады, а чыноўнікі дазваляюць сабе «зьліваць» інфармацыю ў СМІ і Сеціва.

Правадыр краіны Хамэнэі, які некалі падтрымаў Ахмадзінэжада, каб замяніць рэфармісцкага прэзыдэнта Хатамі, цяпер, пабачыўшы, як спрытна чальцы Корпуса захопліваюць эканамічную і палітычную ўладу, а прэзыдэнт паводзіцца дзёрзка ў дачыненьні да ўсіх і нават яго самога, пачаў шукаць процівагу табару Ахмадзінэжада. Таму і апазыцыя ў Іране існуе, нягледзячы на рэпрэсіі, адны газэты зачыняюцца (як «Этэмад-э мэллі»), іншыя, некалі прычыненыя (як то «Шарг»), зноў атрымліваюць дазвол на друк, а архі-вораг Ахмадзінэжада – аятала Хашэмі Рафсанджані – зноў выступае ў якасьці прамоўцы-прапаведніка на важнейшай палітычнай імпрэзе Ірана – пятнічнай супольнай малітве. Апроч таго, Хамэнэі паспрыяў узвышэньню кансэрватараў, перадусім братоў Ларыджані – вядомых сваёй умеранасьцю інтэлектуалаў-бюракратаў бяз сувязяў з Корпусам.

Агулам

іранскі рэжым ставіцца да рэлігіі ўсё больш як да інструмэнта, а не да арыенціра.
Ані знаку ў ім няма ад палітызаванага фундамэнталізму – імкненьня, так бы мовіць, спаліць сьвет, абы сьцьвердзіць нейкі дагмат. Традыцыйнага шыізму таксама менее. Праехаўшы ў мінулы чацьвер праз увесь Кум – забудаваны ўжо шматпавярхоўкамі амаль савецкага выгляду цэнтар шкаленьня шыіцкіх рэлігійных вучоных – я пабачыў блізу што пустыя вуліцы, затое побач з дарогай – клюб вершніцтва, дзе колькі дзяўчат вучыліся езьдзіць на конях. Цяжка прыдумаць больш нечаканую для традыцыйных ўяўленьняў пра шыіцкую набожнасьць карціну. Што тады казаць пра тое, што ўчора ў тэгеранскім мэтро ў якасьці застаўкі пусьцілі мэлёдыю «Бэса мэ муча». Бяз слоў, праўда. Балазе, надоечы правадыр Хамэнэі сказаў, што праграмы ў радыё павінны быць «вясёлыя і радасныя».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?