Неабыякавыя да гісторыі і культуры гарадзенцы заўсёды памятаюць пра зруйнаваны камуністычнымі ўладамі 29 лістапада 1961 году старажытны касьцёл – знакамітую Фару Вітаўта. З нагоды 45-х угодкаў зьнішчэньня бажніцы, у мясцовай катэдры прайшло ўрачыстае набажэнства.

Па ініцыятыве групы неабыякавых да гісторыі і культуры гарадзенцаў напярэдадні выпусьцілі адмысловую паштоўку з выявай Фары Вітаўта пад назвай „45 гадоў бяз Фары Вітаўта».

Фару Вітаўта пабудавалі напрыканцы XIV стагодзьдзя пры князі Вітаўце Вялікім, таму за ёй замацавалася ягонае імя. У XVI стагодзьдзі побач з драўлянай пабудовай кароль Стэфан Баторы збудаваў новы мураваны храм, які пераняў назву папярэдніка. Бажніца за сваю гісторыю неаднаразова перабудоўвалася, мяняючы архітэктурныя стылі і канфэсійную прыналежнасьць. У часы расейскай імпэрыі з 1804 па 1918 год – гэта быў праваслаўны Сафійскі сабор. У 1918 годзе храм вярнулі каталікам, а пасьля другой сусьветнай вайны савецкія ўлады ператварылі Фару Вітаўта ў склад. 29 лістапада 1961 году ў дзьве гадзіны ночы выканалі рашэньне мясцовых уладаў ад 8 сакавіка 1961 году „О сносе аварийного здания, бывшего костёла на Советской площади».

Узарвалі касьцёл ленінградзкія піратэхнікі. Цяпер на месцы бажніцы сквэр, у якім падчас масавых гуляньняў усталёўваюць фэервэркі.

фота з сайту harodnia.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?