Падчас матчу 1/16 фіналу Лігі Еўропы УЕФА «БАТЭ — «Пары Сен-Жэрмен», які пройдзе 17 лютага ў Мінску, тэмпература паветра апусціцца да 16–17 градусаў марозу.

Пра гэта паведаміў 16 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Дзмітрый Рабаў.

Паводле яго слоў, да пачатку матчу тэмпература паветра чакаецца мінус 13–14 градусаў, затым яна яшчэ панізіцца.

З улікам усходняга ветру 4–9 м/с тэмпература паветра будзе трымацца на ўзроўні 20 градусаў марозу.

Рабаў адзначыў, што надвор’е падчас матчу будзе «зусім нефутбольным», заўзятарам рэкамендуецца апранацца цяплей, каб адчуваць сябе больш камфортна.

Нагадаем, у сувязі з халодным надвор’ем кіраўніцтва барысаўскага клуба дамовілася з камандаваннем унутраных войскаў аб арганізацыі працы на стадыёне «Дынама» палявых кухняў. За гадзіну да гульні і на працягу ўсяго матчу не менш як чатыры кухні будуць задарма прапаноўваць гарачую гарбату.

У сераду ў Мінск прыбываюць інспектар УЕФА і суддзі. Не выключана, што будзе разгледжана пытанне аб пераносе матчу.

Калі тэмпература паветра будзе ніжэйшая за 15 градусаў марозу, матч праводзіцца пры згодзе абедзвюх каманд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?