Піша кандыдат фізіка-матэматычных навук Ігар Сташкевіч.

Магічныя літары «3D» усё часцей з’яўляюцца на афішах. І заўсёды падкрэсліваецца, што гэта тэхналогія будучыні. Але тыя, хто глядзеў «Аватар» у 3D, часцяком адчувалі нейкі дыскамфорт і нават галаўны боль. Некаторыя гледачы падчас сеанса перыядычна здымалі спецыяльныя акуляры. Чаму так адбываецца?

Для адказу на гэтае пытанне паглядзім, як чалавек успрымае аб’ёмны свет навакол сябе. Па-першае, карціна ствараецца не ў вачах (гэта толькі датчыкі), а ў галаве (аналаг цэнтральнага працэсара ў камп’ютары). Для апрацоўкі сігналаў з датчыкаў цэнтральнаму працэсару неабходны час. Спачатку дзве карцінкі ад вачэй павінныя зліцца ў адну. Гэты працэс называецца фузіяй і патрабуе не менш за 0,1 секунды.

Фузія вымагае пэўных затратаў магутнасці «цэнтральнага працэсара» і можа не адбывацца пры яго занадта павольнай працы. Напрыклад, калі чалавек знаходзіцца пад уз¬дзеяннем алкаголю або моцна стомлены — тады ўваччу дваіцца. Далей ідзе фармаванне стэрэакарціны. Гэты працэс яшчэ больш працяглы — ад 0,1 да 3 секундаў.

Цяпер разгледзім, якую інфармацыю выкарыстоўвае «цэнтральны працэсар» для фармавання аб’ёмнай карціны. Аказваецца, на 80% гэта ўзаемнае перамяшчэнне аб’ектаў адзін адносна другога і на 20% — бінакулярны стэрэаэфект. З узаемным перамяшчэннем усё зразумела — калі мы рухаемся, то бліжэйшыя да нас аб’екты рухаюцца ў нашай карціне свету хутчэй, а далёкія — павольней.

Бінакулярны стэрэаэфект узнікае праз тое, што карцінкі, якія даюць левае і правае вока, розняцца паміж сабой. Цэнтральны працэсар па гэтых адрозненнях стварае аб’ёмную карціну свету. Трэба заўважыць, што для аддаленых аб’ектаў розніца карцін левага і правага вока неістотная, таму бінакулярны стэрэаэфект на адлегласцях, большых за 10 метраў, практычна адсутнічае.

Яшчэ адна асаблівасць.

Калі чалавек разглядае нейкі аб’ект, то ён паварочвае вочы так, каб іх аптычныя восі перасекліся на аб’екце, і факусуе вочы на ім, каб аб’ект быў рэзка бачны. Гэтыя два механізмы — звядзенне вачэй і факусаване — звязаныя ў цэнтральным працэсары. Калі мы зводзім вочы на нейкі аб’ект, то і факусаванне аўтаматычна ўсталёўваецца на ім.

А ў 3D-кінатэатры звядзенне вачэй і факусаванне разрываюцца. Факусавацца позірк мусіць на плоскасці экрана, а звядзенне залежыць ад таго, які аб’ект мы разглядаем — перад экранам ці за ім. Для кампенсацыі разрыву патрабуецца затрачваць вялікую магутнасць цэнтральнага працэсара, а гэта моцна ўплывае на камфортнасць прагляду фільма. Адчуванні, вядома, у кожнага будуць свае — ад лёгкага дыскамфорту да галаўнога болю, але эфект гэты не дасць магчымасці 3D-кіно замяніць звычайнае. Тым больш што аб’ёмная карціна пры ўзаемным перамяшчэнні аб’ектаў у звычайным кіно таксама складаецца і не дае пабочных эфектаў. Розніца толькі ў бінакулярным стэрэаэфекце (а гэта ўсяго 20%). А гледачам 3D-кіно магу даць рэкамендацыю садзіцца на апошні шэраг. Там дыскамфорт адчуваецца найменш, бо глыбіня рэзкасці зроку павялічваецца пры аддаленні ад экрана.

Ад 3D-тэлебачання дыскамфорт будзе значна большы, чым у кіно, бо экран знаходзіцца яшчэ бліжэй да гледача.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0