Апошнія прапановы Эўразьвязу да Беларусі выклікалі моцны розгалас у беларускіх мэдыях. Але працягвалася гэта даволі нядоўга. Як гэта часта бывае, апошнія бягучыя падзеі засланяюць сабой папярэднія – нават, калі яны больш значныя й знакавыя. Празь некалькі дзён пасьля прэзэнтацыі дакумэнту ў Брусэлі й Менску ў сталіцы Беларусі адбылася прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі для ўкраінскіх журналістаў. Асобныя выказваньні кіраўніка дзяржавы на ёй падаліся журналістам настолькі сэнсацыйнымі, што ўвага мэдыяў – пры тым ня толькі дзяржаўных, адразу пераключылася на новую тэму. Асаблівы ажыятаж выклікала заява, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі былі скарэктаваныя загадам зьверху. Можна падумаць, быццам да гэтай заявы ў кагосьці яшчэ заставаліся сумненьні, што вынікі выбараў былі прадвызначаныя, а роля Цэнтравыбаркаму зводзілася да выкананьня загадаў.

Акрамя таго, шмат камэнтароў было прысьвечана прапановам Лукашэнкі стварыць з Украінай саюз у процівагу «вялікай энэргетычнай дзяржаве». Такім чынам, напярэдадні саміту СНД кіраўніцтву Беларусі ўдалося лёгка адцягнуць увагу ад прапановаў Эўразьвязу і тае альтэрнатывы, якая сапраўды дае магчымасьць Беларусі не залежыць ад любові ці нелюбові Крамля.

О спорт! Ты -- …

У тыя ж дні здарыўся эпізод, які хоць і застаўся на пэрыфэрыі ўвагі незалежнай прэсы, але выглядаў вельмі сымптаматачным. Францускае пасольства адмовіла выдаць шэнгэнскія візы гульцам зборнай Беларусі па футзале, якія зьбіраліся ехаць на чэмпіянат Эўропы ў Барсэлёну. Адначасна праз адмову ў візах не змаглі паехаць на міжнародны матч беларускія більярдысты. Футзал, у адрозьненьне ад футболу, ня самы папулярны від спорту. Більярд жа можа некаму падасца ўвогуле экзатычным, несур’ёзным заняткам. Але трэнэры, сябры зборнай па футзале і галоўнае – спартовыя чыноўнікі, за нэрвовай рэакцыяй якіх можна было назіраць у рэпартажах беларускіх тэлеканалаў, лічаць свой занятак вельмі важным. І яны не памыляюцца.

Інакш, калі б спорт мала што значыў для сёньняшняй дзяржавы, яе кіраўнік не ўзначальваў бы Нацыянальнага алімпійскага камітэту, а кіраўнікі сілавых міністэрстваў не кіравалі б адначасова рознага роду спартовымі фэдэрацыямі. Цяжка, зразумела, гаварыць аб пасьлядоўнай палітыцы санкцыяў з боку Эўразьвязу на падставе ўсяго аднаго-двух эпізодаў. Але цяжка таксама дапусьціць, што рашэньне аб адмове ў візах чыста выпадкова супала з вылучэньнем дванаццаці ўмоваў ЭЗ у справе дэмакратызацыі Беларусі.

Кіраўніцтва Эўразьвязу і раней давала зразумець, што яно будзе пазьбягаць эканамічных санкцыяў (такіх, якія ўжывае, скажам, Расея супраць Грузіі). Бо ад іх, натуральна, будуць найбольш цярпець ня столькі дзяржаўныя чыноўнікі, колькі простыя грамадзяне. Гісторыя паказвае, што эканамічныя санкцыі і цяжкасьці, імі выкліканыя, здольныя толькі яшчэ больш згуртаваць народ вакол сваіх лідэраў.

Варта згадаць хаця б славутае «Бостанскае чаяваньне», зь якога пачалася вайна за незалежнасьць у Паўночнай Амэрыцы. Заўважце, не праз цэны на паліва ці пшаніцу, а ўсяго толькі ад падвышэньня падатку на каляніяльны тавар Лёнданам у Паўночна-Амэрыканскіх штатах выбухнула буржуазная рэвалюцыя.

А вось што тычыцца спорту – тут санкцыі закранаюць ня столькі эканомічны ці палітычны бок справы, колькі маральныя струны грамадзтва. Гульня на патрыятычных струнах можа адгукнуцца куды больш балюча, чым забарона на ўезд у ЭЗ якога-небудьзь старышні тэлерадыёкампаніі. Якую б чорную рэпутацыю ня меў дзяржаўны чыноўнік, такая забарона тычыцца найперш яго асабіста і ягонай сям’і. Пакуль такая забарона ня стала ўсеагульнай, астатнія чыноўнікі будуць толькі радавацца «чужому гору». Бо ў сыстэме кіраваньня, перанятай у спадчыну ад Савецкага Саюзу, незаменных, як вядома, няма.

Каму санкцыі не да лямпачкі?

Звычайныя грамадзяне, у масе сваёй пазбаўленыя інфармацыі, ніколі не даведаюцца аб «пунктавых санкцыях» супраць асобна ўзятых чыноўнікаў. А вось калі санкцыі закрануць папулярныя віды спорту, пра гэта вельмі хутка даведаецца ўся краіна. Здавалася б, у гэтым выпадку ўсе сімпатыі будуць на баку «няшчасных спартоўцаў», а дзеяньні Захаду – выклікаць адно толькі злосьць і нянавісьць да «крыўдзіцеляў». Але нішто іншае як санкцыі ў галіне спорту здольныя паказаць узровень маральнай ацэнкі таго або іншага рэжыму ў цывілізаваным сьвеце.

Байкот маскоўскае Алімпіяды, выкліканы ўварваньнем СССР у Аўганістан, вельмі балюча ўспрымаўся і на ўзроўні палітбюро ЦК КПСС, і на ўзроўні масавай сьвядомасьці. Я памятаю, як многія мае сябры ў 1980-м востра перажывалі адсутнасьць на Алімпійскіх гульнях спартоўцаў ЗША і Заходняй Эўропы. (Хоць некаторыя аліміпійскія дэлегацыі абышлі тады байкот. Як яны радаваліся, калі нехта з заходніх спартоўцаў выходзіў на рынг, нават -- калі некаму зь іх удавалася выйграць мэдаль! Чаму? Ды таму, што сапраўдны заўзятар разумее – усе ўзнагароды абясцэньваюцца, калі няма сапраўднае барацьбы, няма сапраўдных спаборнікаў.)

Савецкі байкот у адказ – супраць Алімпіяды ў Лос-Андэжэлесе ў 1984-м годзе, якую нават не паказвалі (беспрэцэдэнтны выпадак!) у СССР, выклікаў сярод савецкіх заўзятараў усеагульную апатыю, паныласьць і расчараваньне. Праўда, масавых пратэстаў з гэтай гагоды тады не было. Але ўсяго цераз год Гарбачоў загаварыў аб вывадзе савецкіх войскаў з Аўганістану. Зразумела, не байкот Алімпійскіх гульняў стаўся прычынаю паразы ў Аўганістане і распаду СССР. Але савецкія людзі, якія моўчкі згадажаліся з тым, што тысячы іх суайчыньнікаў гінуць, выконваючы «інтэрнацыянальны абвавязак», змаглі выразна адчуць у сярэдзіне 80-х моц маральных санкцыяў, свайго роду маральны астракізм цывілізаванага сьвету на сабе. Ім адмаўлялі ў праве прысутнічаць на «сьвяце жыцьця». Самыя цікавыя відовішчы й спаборніцтвы былі не для іх.

Пры канцы тых самых 80-х у краінах Брытанскай Садружнасьці доўга разважалі – ці байкатаваць зборную па рэгбі і хакеі на траве з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі? Ці нясуць белыя спартоўцы адказнасьць за сыстэму апартэіду, якая не давала чорным спартоўцам права выступаць у адной камандзе зь белымі? Урэшце, спартовая грамадзкасьць вырашыла – маральную адказнасьць нясуць. Гуляць з камандай краіны, дзе груба парушаюцца правы чалавека, – значыць, ускосна падтрымліваць рэжым.

Браты па «сувэрэннай дэмакратыі»

Байкатаваньне спартовых кантактаў – хаця б у выглядзе адмовы спартоўцам у візах – не прыносіць эканамічнай шкоды. Яно ставіць пытаньне аб маральнай адказнасьці. Хочаце гуляць з эўрапейцамі, мець такія ж выгоды, як эўрапейцы – дакажыце, што вы здольныя гуляць паводле эўрапейскіх правілаў. І ня толькі ў спорце.

Так ужо супала, што галоўны ўдар па міжнароднай рэпутацыі Расеі ў гэтыя дні нанесьлі ёй не крытычныя выпады хаўрусьніка з Менску, да абвінавачаньняў якога ў здрадзе савецкім ідэалам даўно прызвычаіліся, а былы супрацоўнік ФСБ палкоўнік Літвіненка, які перад самай сьмерцю абвінаваціў у сваім атручваньні Пуціна. Усё савецкае мінулае ва ўсім сваім жахлівым убостве, улучна з палітычнымі забойствамі, чаго так доўга і ўпарта не хацелі заўважаць на Захадзе, раптам паўстала перад ім.

Адной з ахвяраў спэцапэрацыяў КГБ стаў у свой час Бандэра, які змагаўся ў гады другой сусьветнай вайны як з гітлераўцамі, гэтак і з «савецкімі вызваліцелямі». Цяпер ва Ўкраіне хочуць аднавіць гістарычную справядлівасьць, ушанаваўшы памяць бандэраўцаў. Адным з ініцыятараў гэтага выступае і прэзыдэнт Юшчанка. Ён пасьлядоўна выступае таксама за прызнаньне на заканадаўчым узроўні Галадамору 1932--1933 гадоў (у выніку яго загінула некалькі мільёнаў чалавек) актам генацыду. Не генацыдам з боку расейскага народу, але актам савецкага, сталінскага генацыду.

Зразумела, пра гэта ня будзе гаворкі падчас саміту кіраўнікоў дзяржаваў СНД у Менску. Там будуць гаварыць, як заўсёды, пра эканоміку і карысьць інтэграцыі, пра культурніцкія, спартовыя ды іншыя сувязі. Але насамрэч прычына карэнных разыходжаньняў паміж такімі краінамі, як Грузія, Малдова, Україна і ўсімі астатнімі, у тым ліку зь Беларусьсю, палягае цяпер менавіта ў розным стаўленьні да гістарычнага мінулага – у гатовасьці ці негатовасьці нацыяў адрынуць спадчыну сталінізму, назаўсёды асудзіць сталінскую эпоху зь яе масавымі рэпрэсіямі супраць мільёнаў людзей і цэлых народаў.

Гэта ёсьць таксама галоўнай, хоць і не названай у дакумэнце ЭЗ, умовай уваходжаньня Беларусі ў эўрапейскую супольнасьць з усімі яе прэфэрэнцыямі. А пакуль розьніца паміж пануючымі рэжымамі ў Беларусі і Расеі застаецца невялікай. Паводле Індэксу дэмакратыі за 2006 год, Расея займае 102-е месца. Беларусь – 128-е. Праўда, Беларусь фігуруе ў разьдзеле аўтарытарных рэжымаў, а Расея –«гібрыдных». (Ці як кажуць у самой Расеі – «сувэрэннай дэмакратыі».) Ўкраіна тым часам перайшла ў разьдзел краінаў, якія пераходзяць да дэмакратыі. Так што поле для спаборніцтва ў Беларусі пакуль ёсьць. І палягае яно зусім ня толькі ў галіне спорту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?