Менш чым праз тыдзень пасля публікацыі рэпартажу «Салідарнасці» пра даярку Вікторыю Еўсцягнееву і яе непаўналетніх дзяцей, якія жылі ў нечалавечых умовах
у вёсцы Старыя Цярушкі Мінскай вобласці, праблема была вырашаная. Кіраўніцтва СВК «Решающий» дало ім дом у аграгарадку.

Нагадаем, паўтара тыдні таму карэспандэнты «Салідарнасці» пабывалі ў доме, які слушней будзе назваць напаўразваленай будкай, дзе тулілася сям’я даяркі Вікторыі Еўсцягнеевай.

Маці двух няпоўнагадовых дзяцей — Алёшы і Наташы сямі і васьмі гадоў — працуе даяркай у СПК «Решающий» ужо некалькі гадоў. Яе заробак складае прыкладна 500 тысяч у месяц. На момант знаёмства сям’я жыла ў напаўразваленым будынку з двума маленькімі пакойчыкамі і калідорам, дзе ўсе вокны былі заштораныя коўдрамі, а з падлогі ў дзіцячым пакоі фантанавала ледзяная вада з каналізацыйных трубаў.

Прыкладна год Еўсцягнеева, а таксама яе сяброўкі, што таксама працуюць на ферме, настаўнікі і проста неабыякавыя землякі прасілі ў старшыні СВК «Решающий» Васіля Купы, каб сям’і далі новы дом. Тым больш што свабодная жылплошча ў аграгарадку ёсць. Але безвынікова.

Падчас размовы карэспандэнта «Салідарнасці» з Васілём Васільевічам высветлілася, што прэтэнзій да Вікторыі як да даяркі няма — яна добра выконвае працу. Але прагучала, што новы дом трэба заслужыць. Таксама суразмоўца згадаў,

быццам бы Еўсцягнеева ўжо давяла да ненармальнага стану папярэдняе жыллё больш за пяць гадоў таму.

І ўсё ж меней чым праз тыдзень пасля гэтай размовы і публікацыі на «Салідарнасці» сям’я Еўсцягнеевай усё-ткі пераехала ў новы дом. «Салідарнасць» высветліла падрабязнасці.

— Так, цяпер Вікторыя жыве ў новым доме. Гэта факт, — толькі і сказаў старшыня СВК 16 лютага.

Больш падрабязную інфармацыю па гэтым пытанні дала намеснік дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце дзіцячага садка-школы вёскі Старыя Цярушкі Надзея Хаміцэвіч.

— Вы думаеце, мы не ведалі пра стан справаў? Мы не раз звярталіся да старшыні СВК з просьай палепшыць жыццё гэтай сям’і. Нам выразна адказвалі: «У яе быў цудоўны дом, але ёй не спадабалася там жыць, і яна пераехала». Справа ў тым, што Еўсцягнеева сапраўды жыла ў Цярушках у добрым новым доме. З мужам. Але потым яна паехала на радзіму мужа. Там, прыкладна праз два гады, у іх пачаўся разлад. І яна, ужо разведзеная, вярнулася сюды. Да гэтага моманту яе дом атрымала іншая сям’я. Таму што было, тое ёй і далі. Гэта перадгісторыя.

— Дык новы дом ёй усё-ткі далі?

— Так. Напэўна, праз некалькі дзён пасля вашага візіту яна яго і атрымала! Як у Цярушкі заязджаеш — там аграгарадок — адзін з дамоў-навабудаў ёй і далі. Там жыла жанчына з дзецьмі, але гэтая сям’я нядаўна пераехала ў іншы калгас. І Вікторыя роўненька пасля вашага візіту засялілася туды.

— Але дзеці столькі часу пражылі ў жудасных умовах…

— Гэта так, у нечалавечых умовах. Больш за тое, я як мясцовы жыхар ведаю, што да Еўсцягнеевых у гэтым доме жылі пяць ці шэсць сем’яў. Яны скардзіліся: дзеткі хварэлі на астму. Гэтае захворванне, думаю, яны набылі, пражываючы там.

Што да лёсу Вікторыі і яе дзяцей… Школа не заплюшчвала вачэй на тое, што адбываецца. (Варта адзначыць, што былы дом Еўсцягнеевай знаходзіўся побач з будынкам школы). Мы неаднаразова звярталіся да старшыні калгасу. Але, ведаеце, мы — людзі дзяржаўныя. Вышэй за дах скокнуць не можам. Параілі: раз старшыня заплюшчвае на гэта вочы, звяртацца да журналістаў, тэлефанаваць на «гарачую» лінію.

Пасля гутаркі з Надзеяй Дзянісаўнай у «Салідарнасці» атрымалася пагутарыць з сужыцелем Еўсцягнеевай Сяргеем, які ў момант нашай размовы з выхавальніцай дзіцячага садка забіраў маленькага Аляксея з садка. Суразмоўца расказаў, што іх новы дом знаходзіцца на вуліцы Працоўнай і што ён іх «цалкам задавальняе».

— У нядзелю вы ў нас пабывалі, а ў пятніцу мы ўжо заехалі ў іншы дом. Старшыня прыязджаў асабіста, — падзяліўся ён.

З самой Вікторыяй карэспандэнту пагаварыць не ўдалося, бо яна з’ехала на пахаванне бабулі, а яе тэлефон быў адключаны.

У найбліжэйшы час «Салідарнасць» збіраецца пабываць у новым доме сям’і Еўсцягнеевай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?