Палітычная рада Аб’яднаных дэмакратычных сілаў вырашыла спыніць перамовы з Казуліным. Адбылося гэта толькі 8 лютага, за 40 дзён да выбараў, хоць незалежная экспэртная супольнасьць даўно папярэджвала, што праект “Казулін” можа быць сьвядомым ашуканствам дэмакратычнага электарату. Прабірачным праектам, які мае на мэце пасеяць разгубленасьць і нявер’е.
Хто такі Казулін на самой справе і чаму да яго на шыю вешаецца частка беларускай інтэлігенцыі?
Шляхецкая анархія, якая ў XVII—XVIII стагодзьдзях прывяла да заняпаду Рэчы Паспалітай, рэдка бывала спантаннаю. Шляхцюкоў падкупалі, каб яны сваім вэта зрывалі соймы, што паралізавала ўладу. Гэты мэханізм асвоілі магнаты, з часам гэтую тактыку перанялі суседнія дзяржавы, Прусія і Расея, якія квапіліся на землі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
Сучасныя расейскія паліттэхнолягі на чале з Паўлоўскім запазычылі некаторыя старыя мэтады з імпэрскага арсэналу.
Нікому ў штабе Мілінкевіча не прыходзіла да галавы ісьці на перамовы з Гайдукевічам. Між тым ад моманту, калі Казулін бяз дай прычыны ўхіліўся ад удзелу ў Кангрэсе дэмакратычных сілаў, нічога яго ня розьніла ад Гайдукевіча тыпалягічна.
Так, штаб Мілінкевіча зрабіў памылку, пайшоўшы на перамовы з Казуліным на роўных. Застаецца зрабіць высновы.
Чаму так позна раскусілі?
Таму што праект прасоўваўся як псэўданезалежнымі мэдыямі, так і часткаю нацыянальнай інтэлігенцыі. Людзьмі самаўпэўненымі, амбітнымі, але палітычна нізкавокімі, якія спыніліся ў сваім палітычным разьвіцьці на сярэдзіне 90-х гадоў.
Што з гэтага будзе?
Магчыма, расейскія кансультанты падрыхтавалі праект “Казулін” для атрыманьня другога месца “па выніках падліку галасоў”. Таму мы ўжо бачым і неўзабаве яшчэ пабачым, як уся агнявая моц лукашэнкаўскае прапаганды, а таксама тандэму Казулін-Гайдукевіч будзе скіравана на дэмакратычнага кандыдата.
Тры магчымыя тлумачэньні дзеяньняў самога Казуліна — інстынкт самазахаваньня на палітычным полі, інсьпірацыя з лукашэнкаўскай адміністрацыі, інсьпірацыя з Масквы. Ніводнага з гэтых варыянтаў няможна выключаць.
Калі найлепшыя нашы юнакі гніюць у турмах за свае перакананьні, калі беларуская культура перажывае пякельна цяжкія часы, спробу дэзарыентаваць незалежнае грамадзтва нельга разглядаць як нявінную гульню дзеля самазахаваньня , яна мае на мэце захаваць цяперашні стан рэчаў. І гатоўнасьць аўтараў праекту спэкуляваць дзеля дасягненьня сваіх мэтаў нават на нацыянальнай сымболіцы і імені Быкава, інакш як цынічнай не назавеш.
Горка, што ў праект “Казулін” уцягнулася частка нацыянальнай інтэлігенцыі, кіраваная ўласнымі догмамі, апантаная амбіцыямі або матэрыяльным бокам жыцьця. Паўтараецца нядаўняе савецкае мінулае, калі белінтэлігенцыю падкупалі машынамі і кватэрамі. Хіба што маштаб зьмяльчаў. А хто непадкупны, тымі па-старому маніпулююць з упорам на перакананьні.
Тое самае аказалася датычным і незалежных СМІ. Як паказаў маніторынг Беларускай асацыяцыі журналістаў, у «Народной волі» з 16 да 27 студзеня Казуліну адводзілася 18,7% плошчы ад усіх публікацый, прысьвечаных суб’ектам выбарчай кампаніі. Для параўнаньня, Мілінкевічу — 2,4%. Пры чытаньні на папулярным сайце загалоўкаў кшталту “Мілінкевіч і Казулін: хто зь іх Ганчарык”, застаецца разьвесьці рукамі: наколькі нізкая рэзыстэнтнасьць нашага незалежнага грамадзтва. А яшчэ пра перамены марым…
Што й гаварыць пра шараговага выбарца. Вось што піша нам Сяргей зь Менску: “Мілінкевіч, Казулін і Гайдукевіч павінны сесьці за стол і вызначыцца, хто зь іх павінен працягваць барацьбу. Навошта дэмакратычным сілам ажно тры кандыдаты? Гэта ж толькі блытае людзей”.
Сяргею, мусіце ясна зразумець: няма трох кандыдатаў. Наш кандыдат адзін. Незалежнае грамадзтва выбрала яго на Кангрэсе дэмакратычных сілаў.
Падводзячы рысу: нацыянальная салідарнасьць нізкая, незалежнае грамадзтва слабае, Мілінкевіч вымушаны ісьці адзін супраць трох, і няма юшчанкаўскіх Кінаха і Мароза, якія б сталі зь ім поплеч. У той жа час апаніраваць Мілінкевічу за Лукашэнку будуць іншыя.
Галоўнае зараз — вучыцца на памылках, каб не наступаць двойчы на адныя граблі. Задачай наступнай пяцігодкі хай стане ўзмацненьне нацыянальнага брацтва.