Такое рашэнне прыняў агульны сход ПЭН-цэнтра.

Прапанову вылучыць Уладзіміра Някляева на прэстыжную літаратурную прэмію выказаў паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін.

Сход, які адбыўся 17 лютага ў Менску, аднагалосна ўхваліў прапанову. Радзе арганізацыі даручана паспрыяць перакладу на замежныя мовы рамана «Лабух» і кнігі апавяданняў «Цэнтр Еўропы», выдадзеных у апошнія гады.

Уладзімер Някляеў — аўтар двух дзясяткаў кніг паэзіі і прозы. Ён — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

Пайшоў у палітыку, балатаваўся ў прэзідэнты, у выніку чаго ад 19 снежня трапіў у турму і дагэтуль знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Старшынём ПЭН-цэнтра пераабраны паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. Ягонай першай намесніцай стала Марыя Мартысевіч.

ПЭН-Цэнтр — гэта аб’яднанне пісьменнікаў і журналістаў, частка міжнароднага ПЭН-Клуба, які паядноўвае цэнтры розных краін. Скарот «ПЭН» утварыўся ад першых літараў англійскіх словаў «poets, playwriters, essayists, editors, novelists» — паэты, драматургі, эсэісты, рэдактары, раманісты. У Беларусі сярод стваральнікаў ПЭНа былі Быкаў, Барадулін, Шэрман, Брыль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?