18–23 лютага ў Мінску будзе прадстаўлена праграма японскага кіно.
Дэманстрацыя карцін пройдзе ў межах праекта Cinemascope кінатэатра «Перамога» і УП «Кінавідэапракат» Мінгарвыканкама пры падтрымцы пасольства Японіі ў Беларусі і Японскага фонду.

Як паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі і рэкламы УП «Кінавідэапракат», праграма японскага кіно прысвечана мастаку-пастаноўшчыку Такэа Кімуру (1918–2010). Кімура — японскі мастак-пастаноўшчык, які працаваў над стварэннем больш чым 200 карцін, праславіўся супрацоўніцтвам з класікам японскага жанравага кіно Сэйдзюнам Судзукі. Лаўрэат узнагарод Японскай кінаакадэміі Кімура ў 90-гадовым узросце зрабіў сваю першую рэжысёрскую працу, трапіўшы ў кнігу рэкордаў Гінэса як самы стары рэжысёр-дэбютант.

У праграму японскага кіно ўвайшлі такія стужкі, як «Дзікія гусі» рэжысёра Сіра Таеда, «Пустата, якую я стварыла» Тому Уціда, «Кветка і хвалі», «Гісторыя прастытуткі», «Бадзяга з Токіа» і «Цыганскія напевы» Сэйдзюна Судзукі.

Усе фільмы праграмы будуць дэманстравацца c рускім перакладам. Уваход на паказы свабодны. Білеты можна атрымаць у касе кінатэатра ў дзень паказу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?