28 лістапада пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Уладзімер Пуцін заявіў пра стварэньне СП на парытэтных умовах як вырашаную справу. Незалежная ацэнка «Белтрансгазу» завершаная, сказаў ён, і «мы загадзя дамовіліся зь Беларусьсю, што якой бы гэтая ацэнка ні была, мы будзем абодва [менавіта абодва — не абедзьве краіны, а абодва прэзыдэнты] зь ёю згодны». Паводле Пуціна, частка цаны за газ для Беларусі ды іншых замежных партнэраў Расеі будзе капіталізаваная ў кошт «Белтрансгазу». Канкрэтныя парамэтры будуць узгодненыя на карпаратыўным узроўні.

Гэтыя безапэляцыйныя заявы супярэчаць нядаўнім словам А.Лукашэнкі пра неперадвырашанасьць справы і неабходнасьць вызначэньня кошту шляхам перамоваў.

Паводле інфармацыі эканаміста Яраслава Раманчука, галяндзкі банк ABN Amro ацаніў «Белтрансгаз» на $4 млрд. Колькі год таму беларускі бок у перамовах з Расеяй называў лічбу 5 млрд, а 13 лістапада Лукашэнка ацаніў газатранспартную сыстэму ўтрая даражэй.

Ацэнцы галяндзкім банкам актываў «Белтрансгазу» папярэднічала заява беларускага прэм’ера пра стварэньне СП на базе беларускага і расейскага газавых манапалістаў.

Эканаміст Уладзімер Калупаеў ня раіць ставіцца да словаў расейскага лідэра як апошняй інстанцыі. На яго думку, бакі ўцягнуліся ў інфармацыйную вайну. Аднак перавага цалкам на баку Масквы. Яна дазваляе сабе размаўляць зь Беларусьсю як з васалам.

Можна заўважыць, што аўторкавы дэмарш журналістаў каардынаваўся прэсавай службай Пуціна. У сераду Беларусь чакала яшчэ аплявуха: расейскі прэм’ер Фрадкоў адмовіўся прыняць Сяргея Сідорскага.

Жорсткаму патрабаваньню Ўладзімера Пуціна беларускім уладам няма чаго проціставіць. Шляхі паставак энэрганосьбітаў з Цэнтральнай Азіі ці Эўропы не наладжаныя, краіна застаецца ў міжнароднай ізаляцыі. 29 лістапада міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў пасьпяшаўся пацьвердзіць гатоўнасьць Беларусі стварыць СП цягам месяца і заверыў, што Беларусь не шукае альтэрнатывы расейскім энэрганосьбітам.

Пуцін сваёй заявай папросту жорстка паставіў беларусаў перад інфармацыйным фактам. Калі беларускі ўрад заўпарціцца, расейская грамадзкасьць будзе лічыць, што парушаюцца ранейшыя дамоўленасьці. Беларускае кіраўніцтва заганяюць у кут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?