Жорсткую расправу з беларускай апазіцыяй можна растлумачыць толькі панікай уладаў. «Гульні ў дэмакратыю» падчас прэзідэнцкай кампаніі паказалі, што нават мінімальная лібералізацыя можа незваротна змяніць грамадскія настроі.

Ужо два месяцы, якія прайшлі з дня прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня, усе, хто сочыць за падзеямі ў Беларусі, задаюцца пытаннем — навошта Лукашэнка гэта зрабіў і навошта ён працягвае гэта рабіць.

Ну сапраўды, навошта рабіць у дзень выбараў «крывавую нядзелю», затрымліваючы 700 чалавек, калі заставалася пацярпець некалькі гадзінаў? Бо тады, як плод, што пераспеў ад двухгадовай «лібералізацыі», у рукі ўпала бы ўсё: і ўхваленне Захадам «заўважнага прагрэсу», і паблажлівае паляпванне па плячы, і фактычнае прызнанне вынікаў выбараў, і легітымацыя ўлады, і візіты ў Парыж і іншыя Берліны. Навошта на працягу некалькіх тыдняў пасля выбараў замест прадказванага многімі экспертамі вызвалення арыштаваных кандыдатаў у прэзідэнты («пагарачыўся, маўляў, з кім не бывае, але ён жа разумее, што гэта шкодзіць яго ж інтарэсам») ладзіць штодзённыя допыты, новыя затрыманні, ператрусы і канфіскацыю кампутараў у рэдакцыях незалежных СМІ і ў кватэрах журналістаў? Навошта арыштоўваць двух маладых расійскіх грамадзян (іх прозвішчы нічога не кажуць жыхарам Беларусі) адразу ж пасля адбыцця імі адміністрацыйнага арышту і, нягледзячы на даволі рэзкія заявы расійскіх уладаў, трымаць іх у зняволенні, не маючы якіх-небудзь доказаў іх актыўнага ўдзелу ў гвалтоўных дзеяннях? Навошта, навошта, навошта…

Усе бачаць: тое, што адбываецца сёння ў Беларусі, аб’ектыўна і непазбежна наносіць шкоду сённяшняй уладзе, шкодзіць яе ж уласным інтарэсам.

Еўропа раззлавалася дашчэнту, ЗША аднавілі эканамічныя санкцыі, Расія прымае заявы, у якіх нарэшце салідарызуецца з Захадам па беларускім пытанні. Расійскі пасол у Мінску, традыцыйна выступае адвакатам Лукашэнкі, сустракаецца са сваякамі палітычных зняволеных. Міністр замежных справаў Лаўроў заяўляе, што рэзалюцыя Рады Еўропы па Беларусі адлюстроўвае ў тым ліку і пункт гледжання Масквы.

У першыя дні пасля шоку, выкліканага «крывавай нядзеляй», склаўшы нейкую мазаіку з урыўкаў інфармацыі, кіруючыся прынцыпам «шукай, каму выгадна», аналітыкі выдалі дзве версіі здарэння. Першая — Расія, другая — сілавікі.

Сапраўды, «расійская» версія, зыходзячы з «прэзумпцыі вінаватасці», выглядала найбольш лагічнай. Менавіта Масква павінная задаволена паціраць рукі, назіраючы за вынікамі спецаперацыі 19 снежня: беларускі кліент пасварыўся з Захадам і трапіў у яшчэ большую залежнасць ад Расіі. Пра крэдыты МВФ Мінску на нявызначаны час давядзецца забыць, праграма «Усходняе партнёрства», якая так раздражняла расійскіх палітыкаў, для Лукашэнкі закрываецца, так і не паспеўшы нармальна адкрыцца.

У гэтай быццам бы лагічнай версіі ёсць адно «але». Дапусцім, усё так і гэта менавіта расійскія агенты ўплыву ў беларускіх спецслужбах 19 снежня павялі натоўп на плошчу Незалежнасці і арганізавалі там правакацыі. Аднак калі б улада хацела выкрыць расійскі след, няўжо сярод сотняў арыштаваных не апынулася гэтых самых расійскіх агентаў, няўжо дзясяткі аператараў самых розных сілавых ведамстваў не зафіксавалі нікога з іх? Але самы галоўны аргумент, па-мойму, наступны: дапусцім, 19 снежня ў мітусні падзей магло адбыцца што заўгодна, беларускі кіраўнік мог і сарвацца, убачыўшы 50 тысяч дэманстрантаў, якія запоўнілі галоўны праспект беларускай сталіцы. Але чаму ж у наступныя два месяцы Лукашэнка, апамятаўшыся («што ж я нарабіў?»), не пачаў выпраўляць памылкі, выпускаць затрыманых і наладжваць адносіны з Захадам? Навошта прэзідэнцкая газета друкуе трызненні пра польска-нямецкую змову, а дзяржаўныя СМІ вярнуліся да ладна прызабытай за апошнія гады тэме «загніваючага Захаду»?

Тое ж самае з версіяй пра падступных сілавікоў, якім не патрэбная была лібералізацыя і таму яны падставілі прэзідэнта. Можна дапусціць, што 19 снежня Лукашэнка мог прымаць рашэнні на своеасаблівым псіхалагічным і эмацыйным фоне і нехта гэтым скарыстаўся. Але потым? Што замінала прэзідэнту спыніць хвалю ператрусаў і арыштаў? Нагадаем, калі была палітычная неабходнасць, Лукашэнка змог наступіць на горла ўласнай аўтарытарнай песні і выпусціць з турмы Аляксандра Казуліна.

Цяжка паверыць, што ўвесь час «ператрахіваемыя» сілавікі наважыліся б на нешта такое, што можа для іх скончыцца адстаўкамі — у найлепшым выпадку.

Калі гэта сапраўды была «змова сілавікоў», чаму б Лукашэнку, які ўсё яшчэ застаецца непадзельным кіраўніком Беларусі, не выкрыць яе і не пакараць паказальна некалькіх вінаватых? Дарэчы, Лукашэнка сам заявіў, што гэта менавіта ён кіраваў дзеяннямі праваахоўных органаў 19 снежня, нагадаўшы, што ніякай сілавікі не могуць нічога такога зрабіць без загаду кіраўніка дзяржавы.

Чаму ж «бацька» так сябе паводзіць? Магчыма, правільны адказ, як гэта нярэдка бывае, з’яўляецца адначасова і самым простым:

палітычны рэжым, пабудаваны Аляксандрам Лукашэнкам, не можа існаваць па іншых правілах.

Нават найменшая лібералізацыя, якая распаўзлася па Беларусі падчас прэзідэнцкіх выбараў, відаць, пакінула незагойную псіхалагічную траўму ў свядомасці Лукашэнкі. Слухаць ўсе гэтыя лозунгі: «Сыходзь», «Час мяняць лысую гуму», «Вярні выбары, аддай, што скраў», — глядзець на чэргі людзей, што хочуць паставіць подпіс за апазіцыйных кандыдатаў, Лукашэнку было невыносна. Ужо за некалькі тыдняў да выбараў у выступе беларускага прэзідэнта прагучаў намёк на тое, што можа і павінна адбыцца пасля выбараў. «Я і не столькі трываў, пацярплю крытыку яшчэ два тыдні», — сказаў Лукашэнка на ўсебеларускім сходзе. Мэсідж быў зразумелы: два тыдні пацярплю, але не больш.

Ход выбарчай кампаніі паказаў, што беларуская ўладная сістэма не вытрымала нават той невялікай порцыі лібералізацыі, якая была дазволеная апошнія месяцы. Улады не без падставы спалохаліся, што нават мінімум волі можа незваротна змяніць грамадскія настроі. Калі выпусціць джына з бутэлькі, то раптам ён пачне рабіць не толькі тое, што яму загадваюць? І Лукашэнка рыхтаваўся «вярнуцца да нормы». Ва ўяўленні ж беларускага кіраўніка нейкія мінімальныя праявы дэмакратыі магчымыя толькі «не напраўду» і на пэўны кароткі тэрмін, на некалькі месяцаў прэзідэнцкай гонкі. Раз ужо вырашана праводзіць «выбары», то трэба, каб яны хоць фармальна адпавядалі гэтаму панятку.

А паміж выбарчымі кампаніямі павінен панаваць аўтарытарны парадак, што дасягаецца зачысткай палітычнага ландшафту і здушэннем апанентаў. Наколькі сур’ёзнае здушэнне — залежыць ад сітуацыі, перш за ўсё міжнароднай. Калі ў канцы 1990-х палітычныя апаненты Лукашэнкі проста знікалі, то пасля выбараў 2006 года кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін быў «усяго толькі» пасаджаны ў турму.

Аднак прынцып застаўся нязменным: адыграўшы свае ролі падчас выбарчай кампаніі, акторы павінныя надоўга, а лепш назаўжды сысці са сцэны. Таму

пасля кожных выбараў настае перыяд замаразкаў, падчас якога градус свабоды паніжаецца да ўзроўню простых дэкларацый.
На наступныя выбары зноў даецца ілюзія часовага разгулу дэмакратыі, які заканчваецца чарговай «элегантнай» (ці не вельмі элегантнай, як гэтым разам) перамогай.
Пасля якой запалохванне беларускага грамадства, вяртанне яго ў давыбарны стан, прышчэпка павялічанай ін’екцыі страху робіцца адной з галоўных задачаў рэжыму.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?