Лукашэнка катаўся на лыжах два тыдні замест аднаго
Засталося няясным, ці Лукашэнка перасёкся з Мядзведзевым і Пуціным. Яны таксама наведалі Ружу Хутар 18 лютага.
Аляксандр Лукашэнка 18 лютага вернецца ў Мінск з Сочы, паведаміў кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Павел Лёгкі.
Замест аднаго тыдня ён бавіўся на курортах два.
З 7 лютага Лукашэнка знаходзіўся ў адпачынку. Паводле інфармацыі прэс-службы, у Сочы ён планаваў азнаёміцца з рэалізацыяй «маштабных планаў» па развіцці беларускай спартыўна-турыстычнай базы, сустрэцца з прадстаўнікамі дзелавых і ўладных колаў Расіі. Аднак афіцыйных паведамленняў аб знаходжанні кіраўніка дзяржавы ў Сочы не было.
18 лютага прэс-служба Крамля паведаміла, што прэзідэнт і прэм’ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў і Уладзімір Пуцін наведалі гарналыжны цэнтр «Ружа Хутар» у Краснай Паляне, дзе паглядзелі спаборніцтвы па хуткасным спуску і слаламе-гіганце. Затым яны зрабілі некалькі спускаў на лыжах, агледзелі гарналыжную базу і пагутарылі са спартсменамі і старшынёй Каардынацыйнай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэта Жанам-Клодам Кілі.
Паводле слоў Лёгкага, прэс-служба беларускага прэзідэнта «не мае інфармацыі» аб тым, ці сустракаўся Лукашэнка з кіраўнікамі Расіі.
БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ