Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Як стала вядома «Нашай Ніве», Алесь Міхалевіч выпушчаны пад падпіску пра нявыезд.
Як сказаў Алесь, пры вызваленні яму была пастаўлена ўмова, каб ён не даваў ніякіх каментароў. Ён не адказаў на пытанне аб абставінах вызвалення.

Яго давезлі да плошчы Якуба Коласа машынай КДБ, адтуль ён дайшоў да хаты сам — ён жыве на вуліцы Залатая Горка — прыкладна, а 19.50.

Ён адмовіўся адказваць на пытанне, ці будзе надалей займацца палітычнай дзейнасцю. Ён адзначыў толькі, што «ягоныя погляды не змяніліся».
Таксама ён адмовіўся адказваць на пытанні, ці даходзіла ў турму нейкая інфармацыя са свабоды і ці сутыкаўся ён з нейкімі іншымі вязнямі. На пытанне пра здароўе адказаў, што «здароўе не паправіў».

Раней пад падпіску пра нявыезд былі адпушчаны Наталля Радзіна, Сяргей Вазняк, Алесь Арастовіч, Алег Корбан, Андрэй Дзмітрыеў, Віталь Рымашэўскі, Анатоль Паўлаў. Ірыну Халіп і Уладзіміра Някляева, у сваю чаргу, перавялі пад хатні арышт.

Міхалевіч неахвотна размаўляў з журналістам у першыя хвіліны пасля свайго вяртання. Адчуваецца, што, як і іншыя палітвязні, адрэзаныя ад свету, ён перабывае ў стане свядомасці «замарожанага 20 снежня», не ведае кантэксту. Вязням, выпушчаным раней, патрабавалася ад некалькіх гадзін да некалькіх тыдняў, каб адаптавацца да новай рэальнасці і вярнуцца да прафесійнай дзейнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?