Рэалізацыя гарэлкі ў Беларусі ў студзені 2011 года ўзрасла на 1,9% у параўнанні са студзенем 2010 года. З кастрычніка 2009 года адзначалася скарачэнне рэалізацыі гарэлкі.
Паводле звестак Белстата, продаж гарэлкі склаў 873,3 тыс. дал, а яе доля ў агульным аб’ёме ўжывання алкаголю — 44,8% (у студзені 2010 года — 48,2%).
Доля рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ў агульным аб’ёме рознічнага тавараабароту ў студзені 2011 года склала 10,7%. На спажывецкім рынку рэалізавана алкагольных напояў і піва на 461,3 млрд. рублёў.
Піва за першы месяц гэтага года прададзена 2 млн. 334,2 тыс. дал, што на 25,3% больш, чым за студзень 2010 года. Яго доля ў агульным аб’ёме спажывання алкаголю склала 12% (у студзені 2010 года — 10,5%).
Каньяку і брэндзі прададзена 28 тыс. дал (на 36,6% больш), пеністых він і шампанскага — 116 тыс. дал (на 24,3% больш), слабаалкагольных напояў — 85,4 тыс. дал (на 19,1% менш).