Выбітны дзеяч Нацыянальнага адраджэння Вацлаў Ластоўскі напісаў у 1918 годзе:

«Што сталася б, каб мы забыліся свае роднае мовы? Калі б мы нашую родную мову закінулі, забыліся, а прынялі чужую, тады па ўсіх нас і след загінуў бы на зямлі.

Наш паэта Францішак Багушэвіч (Мацей Бурачок) у прадмове да «Беларускай Дудкі» кажа: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, як той чалавек перад скананнем, катораму мову займе, пасля і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзі людзей па абліччы ці па адзежы, якую хто носіць. Вось жа мова — гэта ёсць аблічча і адзежа душы людской».

На жаль, сёння ў беларусаў адбіраюць іх мову. Нас робяць нямымі, як «тых людзей перад скананнем»…

На Беларусі няма ніводнай ВНУ на беларускай мове, няма ніводнага дзяржаўнага тэлеканала на нацыянальнай мове.

Беларускую мову дзяржава выкарыстоўвае толькі ў спалучэнні з тым, што аджыло і сышло ў мінулае. Руская ж мова навязваецца нашаму народу як мова, на якой ствараюцца новыя навуковыя распрацоўкі, ажыццяўляецца вышэйшая адукацыя, друкуюцца ўсе законы і ўказы. Рускую мову прапагандуюць як мову ўлады, адукацыі, арміі і міліцыі.

Беларускамоўнаму ж чалавеку сёння цалкам закрытая дарога на любыя кіроўныя пасады. Ёсць і выключэнні, але ж яны толькі падкрэсліваюць агульнае негалоснае правіла існай сістэмы ўлады.

А самы вялікі парадокс у тым, што лёс нашай роднай мовы — у нашых руках. І толькі ад нашых памкненняў залежыць тое, ці захаваем мы сваю мову, ці не станем нямым, «сканаўшым» народам.

Сёння, 21 лютага, у гэты значны для любога чалавека на Зямлі дзень, мы вырашылі нагадаць беларусам пра іх карані — родную, бацькоўскую мову.

Жыве Беларусь! Слава народу! Слава Бацькаўшчыне!

Суполка імя Вацлава Ластоўскага Руху «За новыя выбары без Лукашэнкі» (Мінск)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?