Прынародна зьвінаваціўшы кіраўніка дзяржавы ў распачынаньні вайны з пратэстантамі, колішні намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Іван Пашкевіч з’ехаў на пастаяннае месца жыхарства ў ЗША.

Іван Пашкевіч быў адным з тых людзей, якія дапамаглі ў 1996 г. учыніць канстытуцыйны пераварот праз прыняцьцё новай рэдакцыі Асноўнага закону. У 2000 г. ён нечакана сышоў са сваёй пасады і перайшоў, як было напісана ва ўказе, падпісаным Лукашэнкам, «на новую працу». І.Пашкевіч быў «прызначаны» дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, дзе пачаў выказваць нязгоду з палітыкай уладаў найперш у рэлігійных справах.

Пасьля сканчэньня дэпутацкіх паўнамоцтваў пратэстант І.Пашкевіч стаў дарадцам старшыні Саюзу эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў у Беларусі. На знак пратэсту супраць паводзінаў уладаў у дачыненьні да пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» месяц таму экс-намесьнік старшыні адміністрацыі выступіў з рэзкім лістом на адрас свайго колішняга шэфа. «Лукашэнка распачаў непрыхаваную вайну супраць пратэстанцкай царквы ў Беларусі. Арышты прапаведнікаў і пастыраў, непамысныя штрафы ў дачыненьні царкоўных служкаў, закрыцьцё малітоўных дамоў, адмова рэгістраваць новыя цэрквы – вось набор вайсковых сродкаў «праваслаўнага атэіста» ў дачыненьні да эвангельскіх хрысьціянаў. За сваю 12-гадовую прэзыдэнцкую дзейнасьць ніводная эвангельская царква, у тым ліку і каталіцкая, не атрымала ў Менску ніводнай пусткі і дазволу на будоўлю царквы», – вялося ў лісьце.

Відавочна, больш, чым на гэту заяву, сілаў на барацьбу з рэжымам Лукашэнкі ў Пашкевіча не хапіла. І ён зьехаў на пастаяннае месца жыхарства ў ЗША.

Іван Пашкевіч нарадзіўся 11 траўня 1955 г. у Беражное Столінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (журналістыка), Гуманітарна-эканамічны інстытут (юрыст).

Працаваў інструктарам ЦК ЛКСМБ, дырэктарам выдавецтва газэтна-выдавецкай фірмы «Белая Русь», памочнікам намесьніка старшыні Дзяржаграпрому БССР, дырэктарам Нацыянальнага фіоіялу тэлерадыёкампаніі «Мір» у Рэспубліцы Беларусь, намесьнікам кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта.

Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня (1996), Палаты прдастаўнікоў першага скліканьня, належыў да дэпутацкай групы «Рэспубліка».

Жанаты, мае дзьвюх дачок.

фота з сайту house.gov.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?