Супрацоўнік прадпрыемства паскардзіўся ў «Нашу Ніву» на блізкія да нуля тэмпературы ў цэхах.

У рэдакцыю «НН» звярнуўся супрацоўнік мінскага ААТ «Інтэграл». Ён піша, што 14 лютага на прадпрыемстве здарылася аварыя ў сістэме цеплазабеспячэння. У выніку ў памяшканнях «Інтэграла» трымаецца нізкая тэмпература (месцамі ўсяго 3 градусы цяпла). Ад гэтага, паводле яго словаў, нават спынялі вытворчасць, а частку супрацоўнікаў адправілі ў вымушаны адпачынак за дзве траціны заробку. Людзі вымушаныя былі працаваць у вопратцы.

Паводле супрацоўніка прадпрыемства, летась на «Інтэграле» запрацавала ўласная ЦЭЦ. Лішкі цяпла вырашылі прадаваць на патрэбы суседніх жылых дамоў. Паводле афіцыйнай версіі, піша супрацоўнік «Інтэграла», аварыя здарылася ў выніку перавышэння ціску ў ацяпляльнай сістэме — не вытрымалі трубы. Супрацоўнікі ж мяркуюць, што на выходныя ацяпленне адключылі дзеля эканоміі, трубы размерзліся ды лопнулі.

«У гэты панядзелак тэмпература ўранку ў кабінеце была ўсяго толькі +5, — піша чытач. — Да канца працоўнага дня „нагрэлі“ да +9. Даводзіцца ў куртках ды ў паліто працаваць».

Галоўны інжынер прадпрыемства Аркадзь Турцэвіч спачатку адмовіўся гаварыць. Але потым каротка адзначыў: «Усё ў нас працуе.
Мы, калі вам цікава, працуем і ў выхадныя дні». На пытанне, ці была ўсё ж на «Інтэграле» аварыя, Аркадзь Сцяпанавіч адказаў расплывіста: «На любой вытворчасці здараюцца аварыі, прарывы на цеплатрасах. Нейкія прарывы былі, але яны адрамантаваныя, мы ўжо даўно працуем».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?