Топ-10 краін, дзе часцей за ўсё адпачываюць беларусы, мінімум трэці год запар застаецца без змяненняў. У 2010 годзе турыстычныя патокі размеркаваліся наступным чынам:

Украіна -- 132 254, Турцыя -- 83 266, Егіпет -- 50 786, Балгарыя -- 30 364, Расія -- 25 792, Чэхія -- 8 787, Польшча -- 7 407, Літва -- 6 895, Італія -- 5 807, Францыя -- 5 060.

Паток беларускіх турыстаў павялічыўся ва ўсе краіны без выключэння: ва Украіне пабывала на 34 621 беларуса больш, у Турцыі - на 18 175, у Егіпце - на 6 885, у Балгарыі - на 8 798.

Усяго ў 2010 годзе з Беларусі з мэтай турызму выязджалі 414 735 чалавек,

што на 98 413 больш, чым годам раней. Пры гэтым беларускія турысты сталі часцей бываць у Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Дамініканскай Рэспубліцы, Ізраілі, Індыі, Ісландыі, Іспаніі, Марока, Мексіцы, Нарвегіі, ААЭ, Сербіі, ЗША, Фінляндыі, Харватыі, Чарнагорыі, Швейцарыі і Швецыі , а таксама на Кіпры, Кубе, Мальце, Сейшэлах, Філіпінах і Шры-Ланцы.

Што тычыцца рэдкіх для беларусаў кірункаў, то тут можна адзначыць Азербайджан, дзе ў 2010 годзе пабываў 41 беларус, у той час як годам раней беларускія турысты зусім не выказвалі цікавасці да гэтай краіны. З іншых краін свету, наведванне якіх беларусамі з мэтай турызму ў 2009 годзе не зафіксавала статыстыка, варта адзначыць Катар (11 турыстаў у 2010 годзе), Кенію (16), Паўднёвую Карэю (15), Руанду (8) і Чылі (4). Па адным беларусу ў мінулым годзе пабывалі ў Арменіі, Грэнландыі, Ірландыі, Кабо-Вэрдэ і Уругваі.

У заключэнне варта адзначыць, што ў мінулым годзе беларускія турысты даўжэй усяго знаходзіліся ў Балгарыі - у сярэднім 14 дзён (на адзін дзень менш, чым у 2009-м), а самым дарагім адпачынак быў у Грэцыі - адзін дзень знаходжання на курортах краіны абыходзіўся беларусам у 91 даляр ЗША (на 10 даляраў даражэй, чым годам раней).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?