Украінскі экс-прэзідэнт Віктар Юшчанка хацеў схіліць Аляксандра Лукашэнку да ўдзелу ў кааліцыі з Украінай, Грузіяй, Польшчай і прыбалтыйскімі краінамі.
На гэта ён разлічваў, у прыватнасці, падчас візіту беларускага кіраўніка ў Кіеў 5–6 лістапада 2009.

«Каментатары звярталі ўвагу на ролю Украіны ў паслабленні ізаляцыі Беларусі, адзначалі, што абедзве дзяржавы ў апошнія гады апынуліся ўцягнутымі ў „газавыя войны“ з Расіяй, і сцвярджалі, што лідары дзвюх краін выкарыстоўвалі візіт, каб адправіць сігнал Маскве», — гаворыцца ў складзенай па выніках візіту канфідэнцыйнай дэпешы амбасады ЗША ў Кіеве, апублікаванай сайтам WikiLeaks 18 лютага.

Асноўнай мэтай Украіны на саміце было забяспечанне ратыфікацыі Беларуссю двухбаковай дамовы пра мяжу. Акрамя абмеркавання гэтай дамовы «бакі абавязаліся супрацоўнічаць у рэалізацыі ўзаемавыгадных праектаў у рамках Усходняга партнёрства ЕС, і Украіна паабяцала, што будзе садзейнічаць кантактам Беларусі з Еўропай (напрыклад, падтрымліваючы сяброўства Беларусі ў Радзе Еўропы)».

Кантакты амбасады ЗША ва ўрадзе Украіны і за яго межамі былі схільныя разглядаць візіт з пункту гледжання яго сімвалічнага значэння.
Ён мог сведчыць аб пацяпленні стаўлення Лукашэнкі да Украіны пасля «Аранжавай рэвалюцыі» ў гэтай краіне — «падзеі, якую Лукашэнка разглядаў як непасрэдную пагрозу».

Адзін з украінскіх аналітыкаў сказаў дыпламатам, што «візіт паслужыў кампенсацыяй змяншэння цікавасці да Украіны з боку ЗША і Еўропы. Ён дадаў, што абедзве краіны (Украіна і Беларусь) сталі ахвярамі расійскіх „газавых войнаў“ і што Украіна рыхтуецца атрымаць выгаду ад прыцягнення Беларусі ў нефармальную групу, якая складаецца з краін ГУАМ (рэгіянальная арганізацыя, у склад якой уваходзяць Грузія, Украіна, Азербайджан і Малдова), прыбалтаў і Польшчы».

Яшчэ адна крыніца заявіла, што «Масква не можа быць задаволеная тым, што лідары СНД вядуць перамовы за яе спінай, асабліва калі гаворка ідзе аб сустрэчы нібыта аднаго з найбліжэйшых саюзнікаў Расіі і аднаго з аб’ектаў яе непрыязнасці».

Амерыканскія дыпламаты пішуць, што «жаданне Юшчанкі і Лукашэнкі шукаць кропкі судакранання магло б спрацаваць на карысць абедзвюх краін у выпадку ціску Расіі на любую з іх».

Цікава, што крыху раней, у 2008 годзе, ЗША яшчэ выступалі супраць сустрэчы лідараў Беларусі і Украіны.
Як гаворыцца ў іншай апублікаванай WikiLeaks 18 лютага дэпешы амбасады ЗША ў Кіеве, пасол Злучаных Штатаў Уільям Тэйлар «настойліва адгаворваў Украіну ад планаў „нефармальнай“ сустрэчы ўкраінскага прэзідэнта Юшчанкі і беларускага прэзідэнта Лукашэнкі».

«Амбасадар рашуча выступае супраць гэтай прапановы, адзначаючы, што Лукашэнка ва ўсё большай ізаляцыі і што такая сустрэча прайшла б у асабліва нечаканы час у святле нядаўніх крокаў Беларусі па высыланні амерыканскіх дыпламатаў з Мінска», — гаворыцца ў дакуменце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?