Лівійскія грамадзяне, якія вучацца ў Беларусі, з трывогай сочаць за падзеямі на радзіме. Якой будзе краіна, калі яны туды вернуцца, і ці вернуцца ўвогуле — невядома.

У Беларусі працуюць ці вучацца некалькі соцень грамадзянаў Лівіі. У прыватнасці, яны атрымліваюць адукацыю ў шэрагу сталічных ВНУ — Белдзяржуніверсітэце, Беларускай акадэміі фізкультуры і спорту, Беларускім дзяржаўным медычным універсітэце, Беларускай ваеннай акадэміі ды іншых.

Асаблівы акцэнт зроблены на Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Гаворыць начальнік упраўлення міжнародных сувязяў універсітэту Ганна Цітовіч: «Будзем так гаварыць: з Лівіі ў нас навучаюцца дзесяткі, перадусім гэта аспіранты. Яны ў пераважнай большасці ў нас усе не юныя, вучыліся раней, у тым ліку ў Савецкім Саюзе. У пазнейшыя часы хтосьці атрымліваў адукацыю ва Украіне, у Расеі. Практычна ўсе расейскамоўныя ў тым аб’ёме, які патрабуецца. Асноўная спецыялізацыя — радыётэхніка, тэлекамунікацыі. Тое, чаго ў іх на радзіме бракуе».

Як пазначана на сайце БДУІР, першым дыпламаваным спецыялістам высокага ўзроўню ў ВНУ стаў Муамар Кадафі. Летась ён атрымаў дыплом ганаровага доктара за «значны ўнёсак» у развіццё адукацыі і навукі, а таксама за ўмацаваньне супрацоўніцтва паміж ВНУ Беларусі і Лівіі.

Поспехі ягоных суайчыннікаў больш сціплыя. Трэці год навучаецца ў адным з менскіх ВНУ лівіец Хамід. Вывучае эканоміку, нядрэнна засвоіў расейскую мову, марыць заняць годнае месца на радзіме — спецыялісты такога профілю там запатрабаваныя. Але дома ў Трыпалі засталіся бацькі, малодшы брат і дзве сястры, таму гаварыць у адкрытую ўсё, што думае, не адважваецца. Кажа, што рука Кадафі і ягонага атачэння настолькі магутная, што можа дастаць любога. Пільна сочыць за падзеямі ў Лівіі, і, каб не сваякі, толькі і засталося б, што чакаць фіналу. «Заслужанага» — як недвухсэнсоўна ўдакладняе сам Хамід: «Для кіраўніцтва краіны, вядома, сітуацыя была надзвычай спрыяльная.

З розных бакоў грошы ў кішэню капалі, яны маглі сабе дазволіць усё што заўгодна. А нас трымалі за нявольнікаў — маўляў, круціцеся як хочаце.
Вось якое жыццё ў нас насамрэч. Зрэшты, гэта агульная тэндэнцыя для ўсіх, дзе пануюць такія рэжымы. А 
надзвычай жорсткія паводзіны ў гэтай сітуацыі — толькі ад злосці, ад бяссілля.
Больш за 40 гадоў людзі маўчалі, трывалі, і раптам прачнуліся. Каму такое спадабаецца? Таму сітуацыя застаецца незразумелай і вельмі складанай. Але проста не трэба даводзіць людзей да такога стану».

Наладжаны экспарт адукацыі ў Лівію і па спецыфічных кірунках. Мінск і Трыпалі маюць стасункі ў ваеннай галіне, што падчас апошняга візіту Кадафі асабліва падкрэсліваў Аляксандар Лукашэнка. Праўда, у свеце Арабская Джамахірыя мае сумнеўную рэпутацыю «чорнай дзіркі», куды трапляе зброя з усяго свету і потым бескантрольна разыходзіцца не толькі па афрыканскім кантыненце.

Лівійскае прадстаўніцтва — адно з самых шматлікіх у Ваеннай акадэміі Беларусі, дзе таксама атрымліваюць адпаведныя веды курсанты з Венесуэлы, В’етнаму, Кітаю, іншых стратэгічных саюзнікаў Беларусі.

Апошнім часам Беларусь спрабуе «прышчапіць» Лівіі і цікавасьць да спорту. Спартоўцы гэтай краіны ня маюць асаблівых поспехаў на міжнароднай арэне, таму Міністэрства спорту і турызму ўзняло пытаньне аб прадстаўленьні афрыканскім атлетам спартовых базаў для сумесных трэніровак, а таксама прапанавала скарыстаць паслугі беларускіх спецыялістаў у якасці трэнераў нацыянальных камандаў на кантрактнай аснове. Цяпер, праўда, Лівіі не да спорту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?