З Новага году ў Купалаўскім тэатры аднаўляецца паказ культавага спэктакля «Тутэйшыя» паводле твору Янкі Купалы ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна

Спазьненьне ў аднаўленьні спэктакля (кіраўніцтва тэатру абяцала зрабіць гэта ў восеньскім сэзоне), дало падставы некаторым экспэртам падазраваць, што спектакль адновіцца толькі тады, калі ў Беларусі зьявіцца новая, нацыянальна арыентаваная ўлада. Прыемна канстатаваць, што змрочныя прагнозы ня спраўдзіліся і кіраўніцтва тэатру трымае слова, дадзенае паўгады таму.

Мастацкі кіраўнік тэатру Валерый Раеўскі кажа, што спектакль насамрэч ніколі не здымаўся:

– Быў зроблены перапынак у паказе. Рашэньне прымала мастацкая рада. Гэта звычайная зьява для ўсіх тэатраў. Акторы і гледачы адпачылі. Адрамантаваныя дэкарацыі. Цяпер можна рухацца далей. Магу сказаць, што пастаноўка захавалася ранейшай. Ніякіх зьменаў у ёй няма. Захаваўся і склад актораў. Пачнецца паказ недзе ў сярэдзіне студзеня. Жадаю прыемнага прагляду.

Тэатральны крытык Аляксей Стрэльнікаў лічыць, што «Тутэйшыя» – гэта статусны спэктакль для купалаўцаў, які нельга ігнараваць:

– Насамрэч уплыў палітыкі на рэпэртуар часта перабольшваецца. Лёс спэктакля найперш залежыць ад трупы, ад мастацкага кіраўніка, гледача. Усе разумеюць, што гэта Купала. Спэктакль трошкі спрошчаны па форме, прычым спрошчаны менавіта ідэалагічны аспэкт.

Экспэрт лічыць, што пастаноўка і празь пятнаццаць год зусім не састарэла:

–Пінігін не рабіў модных фішак. Яны якраз састараваюць. Выкарыстоўваюцца спрадвечныя беларускія тэатральныя элемэнты, якія робяць спектакль неадназначным і цікавым па сваёй форме. Дагэтуль на яго можна хадзіць і вывучаць нацыянальную тэатральную культуру. Пінігін па сутнасьці акцэнтуецца на тым, што ілюструе матэрыял яскравымі «батлеечнымі» сродкамі. Таму пастаноўка да гэтай пары захоўвае сваю актуальнасьць.

Спадар Стрэльнікаў лічыць, што двухразовага паказу «Тутэйшых» на месяц цалкам дастаткова. Звычайна болей і не бывае, бо ў рэпэртуары тэатру блізу 20 спэктакляў. Такім чынам, беларуская інтэлігенцыя атрымае ад «купалаўцаў» добры калядны падарунак.

Bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?