Губляе значэнне і крытыка апазіцыі, што ў яе «не было плану». А ў каго ён быў у Тунісе, напрыклад? Піша палітолаг Віталь Сіліцкі.

Вярнуўшыся з адпачынку з Тунісу некалькі гадоў таму, адзін знаёмы распавёў, што Туніс неймаверна нагадвае Беларусь — «такія ж людзі, такі ж прэзідэнт, такі ж узровень жыцця, такія ж бутафорскія выбары і такая ж абыякавасць да ўсяго». Таму казаць з нагоды арабскіх рэвалюцый, што арабы — нейкія асаблівыя людзі (як у нас было гэта калісьці модна — «сербы (славакі, украінцы, грузіны) — не беларусы) — заўчасна. Хаця і цярпелі свае сатрапіі большасць з гэтых грамадстваў нашмат даўжэй, чым мы…

З працэдурнага пункту гледжання,

арабскія рэвалюцыі дэманструюць надыход таго, што аўтар гэтых радкоў прагназаваў яшчэ 6 гадоў таму як эру «постэлектаральных рэвалюцый».
Логіка тут простая. Калі аўтарытарнае панаванне канцэнтруецца ў грамадствах, дзе пануючыя эліты пазбаўлены нават бутафорскай дэмакратычнай легітымнасці,
калі выбараў проста няма або іх бессэнсоўнасць ужо даўно перастала быць навіной, і калі ў той жа час канфлікт паміж элітай і грамадствам нарастае да крытычнай кропкі, арэнай супрацьстаяння паміж рэжымамі і грамадствамі ў такіх сітуацыях становяцца выключна вуліцы і плошчы. Прамое звяржэнне, а не дэлегітымізацыя ўлады, становіцца галоўнай мэтай,
а ўзровень гвалту, ва ўмовах адсутнасці легітымных ці нават паўлегітымных метадаў вырашэння канфлікту, зашкальвае.

У структурным плане паўстанні ў арабскім свеце ўяўляюць сабой класічны выпадак рэвалюцыйнай заразы (revolutionary contagion). Нагадаем, сусветная паліталогія амаль што салідарна лічыла арабскі свет як «непрыдатны да дэмакратыі» з нагоды культурных і сацыяльна-эканамічных асаблівасцяў. Пакуль рана сцвярджаць, што серыя паўстанняў абвергла гэтую тэорыю — сапраўды, адна справа скінуць аўтарытарны рэжым і іншая — пабудаваць дэмакратыю (ўзгадайце Іран 1978 года). Але таксама трэба памятаць, што нават у такім адносна гамагенным рэгіёне як арабскі свет існуюць вялікія адрозненні што да палітычнай культуры і ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадстваў, таму казаць пра нейкія агульныя чыннікі, што прывялі да рэвалюцый, не выпадае.

Такія чыннікі, канечне, існуюць — перш-наперш,

грамадствы «дапякло» панаванне безадказных карумпаваных элітаў, якія кіруюць па 20-30-40 гадоў, пры гэтым захоўвалася сацыяльная няроўнасць
. Аднак, больш за ўсё рэвалюцыі, скажам, у Тунісе і Лівіі родняць менавіта культурная гамагеннасць рэгіёну, што дазваляе хутка трансляваць пратэстны рэпертуар ад краіны да краіны, і эфект «заражэння», калі нешта, што яшчэ тры месяцы таму было абсалютна немагчымым, раптам пачынае здавацца рэальным. Пры культурнай блізкасці арабскага свету, папулярнасці ідэяў панарабізму,
заклік, «чым мы горшыя (за тунісцаў, егіпцянаў, патрэбнае ўставіць)» мае надзвычайную мабілізацыйную сілу.

Гэта, відаць, самае парадаксальнае адрозненне арабскіх рэвалюцый ад постсавецкіх, дзе якраз такі контррэвалюцыйнымі сіламі папулярызаваўся лозунг «мы — не Украіна (Грузія, Кыргызстан)». Такім чынам, палітычная рэакцыя спрабавала прыняць на службу маладыя постсавецкія нацыяналізмы.

У схеме тэорыі «заражэння» рэвалюцыі найперш выспяваюць у тых краінах, дзе ўнутраныя перадумовы наспелі найбольш — і тое, што прарвала Туніс і Егіпет, выглядае невыпадковым. Побач са страшэннымі сацыяльна-эканамічнымі праблемамі і высокім узроўнем беднаты і беспрацоўя, гэтыя краіны прайшлі праз даволі доўгі перыяд адноснай мадэрнізацыі і эканамічнай (не палітычнай) лібералізацыі, што дазволілі назапасіць даволі ўнушальныя сярэднія класы. Навогул, кааліцыя (і паслядоўнасць!) «сярэдні клас + дэкласаваная бедната» стала адметнасцю першай серыі арабскіх рэвалюцый. Першымі пачалі качаць снегавы ком тыя, хто найбольш быў заклапочаны адсутнасцю свабоды. Праз прабітыя імі дзіркі адкрылася прастора для пратэсту тых, хто большай ступені выказваў незадаволенасць беднатой і адсутнасцю перспектываў. Даволі сімвалічна, што ўся хваля пачалася ў Тунісе з пратэсту… прыватнага прадпрымальніка (па-нашаму, былой вашывай блыхі). Але пашырэнне базы сацыяльнага пратэсту было крытычным чыннікам і яно рэалізавалася перш за ўсё праз «эканамічныя санкцыі»

грамадства супраць рэжыму, іншымі словамі — страйкі, якія кардынальна змянілі баланс сілаў і нанеслі рашучы ўдар статус-кво.

Наступныя эпізоды народных паўстанняў развіваліся па больш гвалтоўных сцэнарах (хаця як назваць егіпецкі сцэнар негвалтоўным?), і іх вынік значна менш вызначаны, чым у выпадку Туніса і Егіпта. Зрэшты, і

першыя арабскія рэвалюцыі выглядаюць незакончанымі
— абсалютна не факт, што змена дыктатараў-старажылаў прывядзе ў гэтых краінах да дэмакратыі.

У аніводнай краіне не адбылося класічнай замены рэжыму, прыходу замест старай верхушкі новых людзей і новага парадку, што паказвае, што на час зменаў у гэтых краінах (нават у гэтых) не было гатовых да дзеянняў контрэлітаў, здольных адразу ўзяць адказнасць за краіну.

Рэвалюцыі хутчэй толькі далі пачатак фармаванню гэтых контрэлітаў, іх структурызацыі, і час пакажа, ці здолеюць яны перамагчы рэшткі старога рэжыму, ці знайсці з імі задавальняючыя кампрамісы, ужо не ў вулічнай, а хутчэй у «офіснай» барацьбе. Але чакаць дэмакратыі ў Бахрэйне, Емене і Лівіі выпадае яшчэ менш, дзе сам факт адсутнасці контрэлітаў як такіх замінае самім працэсам змены рэжыму.

Аднак хібы на шляху дэмакратыі ў арабскіх краінах — не вялікае суцяшэнне для дыктатараў. Як паказалі апошнія падзеі, надзейнасць і эфектыўнасць усіх прэвентыўных мераў па захаванні рэжымаў аднаасобнай улады падае з цягам часу. Некалькі год таму, на піку электаральных рэвалюцыяў, было модна разважаць, што дыктатары ўсяго свету зразумелі, што нават гульня з дэмакратыяй нясе ім пагрозу. Цяпер, час зразумець, што татальнае «закручванне гаек» гэту пагрозу толькі адкладвае ў часе. Дыктатуры руйнуюцца ў самых розных кантэкстах, з самых розных прычын, у крыважэрных рэжымах і не вельмі, пры адноснай заможнасці і галечы, у расколатых і адносна гамагенных грамадствах — спіс можна працягваць. Доўгатэрміновыя схемы перадачы ўлады таксама не гарантуюць лёгкага выжывання — яны могуць банальна не паспець рэалізавацца.

У такіх раскладах,

адданы ўдзел у рэпрэсіях не гарантуе бяспечнай старасці — хутчэй, наадварот.

Усе гэтыя разважанні пакуль што цяжка прыкласці да беларускай рэчаіснасці. Падзеі 19 снежня не былі ані стыхійнымі ў поўным сэнсе слова, ані паўстаннем — адно толькі што ўлады з уласцівымі перасцярогамі паставіліся да іх акурат як да стыхійнага паўстання. Хутчэй, параўноўваючы 19 снежня з арабскімі рэвалюцыямі, можна зразумець, наколькі далёкія дзеянні, сэнс якіх заключаўся ў вырашэнні нейкіх лакальных задачаў, ад сапраўдных рэвалюцыйных дзеянняў. У той жа час,

губляе значэнне і пэўная крытыка апазіцыйных сілаў, з нагоды, напрыклад, што ў апазіцыі нібыта «не было плану» дзеянняў (а ў каго ён быў у Тунісе, напрыклад)? Ва ўмовах пост-электаральных рэвалюцый на першы план выходзіць не стратэгія і тактыка, а гатоўнасць грамадства да пераменаў і ступень напружанасці ў грамадстве.
Без наяўнасці гэтых чыннікаў, абвінавачваць у нечым палітычных актараў не выпадае. Даволі спрыяльным для будучых пераменаў ужо з’яўляецца тое, што гэтыя актары навогул існуюць. Непазбежная логіка распаду прымітыўных аўтакратый у тым, што больш запушчаныя і прымітыўныя рэжымы «выпускаюць» пры распадзе шмат больш крыві (параўнайце ва Ўсходняй Еўропе, напрыклад, Польшчу і Румынію).
Прыклад Лівіі, дзе прычынай крывавай бойні стала вар’яцттва і манія велічы яе лідара, можа быць перасцярогай для пэўных постсавецкіх элітаў — у што яны могуць быць уцягнутыя,
калі справа, хай не сёння і не праз дзесяць год, дойдзе да таго, што прыйдзецца выконваць «любы загад». Але тут, здаецца, дыктатуры і трапляюць у канчатковую пастку — аддаючы загады, якія рука не падымецца выканаць нават у самых верных памагатых (ці ў іх часткі, дастаткова), яны робяцца ахвярамі ўласнай крыважэрнасці. Карацей, варыянтаў несмяротнасці няма, дыктатуры руйнуюцца і так і так. Але ці трэба даводзіць да апошняй кропкі? Лёс Кадафі, яго сыноў і памагатых пакажа.

* * *

Віталь Сіліцкі -- дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (Вільня). Палітолаг, атрымаў ступень доктара навук у Ратгерскім універсітэце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?