Міністэрства замежных спраў Беларусі абвяргае інфармацыю аб беларускіх наймітах у Лівіі, а таксама аб прылёце ў Мінск самалёта з золатам Кадафі.

Як заявіла БелаПАН намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына, «чуткі, што распаўсюджваюцца шэрагам СМІ, аб удзеле грамадзян Беларусі ў нейкіх ваенных фарміраваннях на тэрыторыі Лівіі не адпавядаюць рэчаіснасці».

Прадстаўнік МЗС таксама сказала, што звесткі аб прыбыцці ў Беларусь самалёта Муамара Кадафі з каштоўнасцямі і аб візіце ў Мінску яго пасланніка, не адпавядаюць рэчаіснасці.

Пра тое, што ў расправах над лівійцамі ў Трыпалі ўдзельнічаюць найміты з Усходняй Еўропы, сярод якіх могуць быць грамадзяне Беларусі, перадаюць некаторыя заходнія СМІ.

У прыватнасці тэлеканал CNN паведаміў, што лівійскі бежанец, якому ўдалося пакінуць краіну, бачыў сярод наймітаў «людзей з усходнееўрапейскай знешнасцю»: «Усе яны былі ўзброены аўтаматамі АК-47. Па чутках, гэта маглі быць сербы і беларусы».

Аб прыбыцці ў Беларусь самалёта з каштоўнасцямі Кадафі паведамляе ізраільская радыёстанцыя «Коль Ісраэль» («Голас Ізраіля»). Паводле звестак радыёстанцыі, некалькі дзён таму ў аэрапорт Мінск прыбыў самалёт «Боінг 737», які належыць сям’і Кадафі. На яго борце знаходзіліся наяўныя грошы, золата і брыльянты на суму, эквівалентную 3 млрд. доларам ЗША.

Некалькімі днямі раней у інтэрнэце з’явілася інфармацыя аб тайным візіце ў Мінск пасланніка Кадафі, начальніка галоўнага ўпраўлення тылу і вытворчасці Часовага галоўнага народнага камітэта абароны Лівіі Абдэрахмана Сеіда, які нібыта прыехаў за зброяй. Паведамлялася, у прыватнасці, што Сеід ужо бываў у Мінску — у складзе лівійскай дэлегацыі, якая ў 2008 годзе наведвала Беларусь і Украіну і таксама вяла перамовы аб продажы зброі Лівіі.

Заходнія СМІ згадваюць пра даўнія «асаблівыя адносіны» Муамара Кадафі з Аляксандрам Лукашэнкам.

Беларускі кіраўнік наведваў Лівію з афіцыйным візітам у 2000 годзе. Візіт Кадафі ў адказ адбыўся ў лістападзе 2008 года. На перамовах у Мінску Лукашэнка заявіў: «Беларусь разглядае Лівію ў якасці блізкага сябра і партнёра, з якім мы гатовы весці дыялог па любых пытаннях». «Беларусь на справе даказала сваю падтрымку Лівіі ў самыя цяжкія для лівійскага народа моманту», — сказаў Лукашэнка, падкрэсліўшы, што Беларусь і надалей гатова аказваць гэтай краіне «неабходнае садзейнічанне».

У снежні 2009 года падчас візіту ў Трыпалі беларускай дэлегацыі на чале з міністрам абароны Юрыем Жадобіным быў падпісаны двухбаковы пратакол аб супрацоўніцтве ў галіне абароны.

У чэрвені 2010 года лівійскія ваенныя ўзялі ўдзел у вучэннях з 11-й асобнай механізаванай брыгадай (Слонім) Узброеных сіл Беларусі, якія праходзілі на Абуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?